1 У той дзень Іісус, вы́йшаўшы з дома, сеў каля мора.
2 І сабра́лася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і сеў; а ўвесь люд стаяў на беразе.
3 І гаварыў ім шмат прытчамі, ка́жучы: вось, вы́йшаў се́йбіт сеяць.
4 І калі сеяў ён, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблí яго.
5 А іншае ўпала на ме́сцы камянíстыя, дзе няшмат было́ зямлі, і неўзаба́ве ўзышло́, бо зямля была́ неглыбокая.
6 А калі ўзышло́ сонца, завя́ла, і, паколькі не ме́ла карэння, засохла.
7 А іншае ўпала ў це́рні, і выраслі це́рні і заглушы́лі яго.
8 А іншае ўпала на добрую зямлю і дало́ плод: адно ў сто крат, другое ў шэсцьдзеся́т, а іншае ў трыццаць.
9 Хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
10 І, прыступíўшы, вучні сказалі Яму: чаму Ты прытчамі гаворыш ім?
11 Ён сказаў ім у адказ: таму, што вам да́дзена ведаць тайны Царства Нябеснага, а ім не да́дзена;
12 Бо хто ма́е, таму да́дзена будзе і памножыцца; а хто не ма́е, у таго ады́мецца і тое, што ма́е.
13 Дзе́ля таго прытчамі гавару ім, што яны ба́чачы не бачаць, і чу́ючы не чуюць, і не разумеюць.
14 І збыва́ецца над імі прароцтва Іса́іі, якое кажа: «слы́хам пачуеце, і не зразуме́еце; і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце.
15 Бо агрубе́ла сэ́рца ў людзей гэтых, і вуша́мі цяжка чуюць, і вочы свае заплю́шчылі, каб не ўбачыць вачы́ма, і вуша́мі не пачуць, і сэ́рцам не зразумець, і не звярну́цца, каб Я ацаліў іх».
16 А вашы вочы блажэ́нныя, таму што бачаць, і ву́шы вашы, таму што чуюць.
17 Бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жада́лі бачыць тое, што вы бачыце, і не бачылі, і чуць тое, што вы чу́еце, і не чулі.
18 Вы ж паслухайце сэнс прытчы пра се́йбіта.
19 Да кожнага, хто слухае слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхí і кра́дзе пасе́янае ў сэрцы яго; вось каго азначае пасе́янае пры дарозе.
20 А пасе́янае на камянíстых месцах азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасцю прыма́е яго;
21 але не ма́е кораня ў сабе і нетрыва́лы: калі настане ўціск альбо гане́нне за слова, ён адразу спакуша́ецца.
22 А пасе́янае ў це́рнях азначае таго, хто чуе слова, але клопат веку гэтага і зма́нлівасць багацця заглуша́юць сло́ва, і яно становіцца бясплодным.
23 А пасе́янае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее; ён і плод прыно́сіць і дае́ адзін сто, другі шэсцьдзеся́т, а іншы трыццаць.
24 Другую прытчу прапанаваў Ён ім, ка́жучы: Царства Нябеснае падобна да чалавека, які пасеяў добрае насе́нне на по́лі сваім.
25 Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў пустазелле сярод пшаніцы, і пайшоў.
26 Калі ўзышла́ збажына́ і завязала плод, тады з’явілася і пустазе́лле.
27 Прыйшлі рабы́ гаспадара́ дома і сказалі яму: гаспадар! хіба́ не добрае насе́нне пасеяў ты на по́лі сваім? адкуль жа на ім пустазе́лле?
28 Ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. а рабы́ сказалі яму: дык хочаш, мы пойдзем, вы́палем яго?
29 Але ён сказаў: не, каб, выпо́лваючы пустазе́лле, вы не павырыва́лі разам з ім і пшаніцы.
30 Пакіньце расці разам тое і другое да жніва́; а ў час жніва́ я скажу жняца́м: вы́берыце перш пустазе́лле і звяжы́це яго ў снапы́, каб спалíць яго; а пшаніцу збяры́це ў жы́тніцу маю́.
31 Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, ка́жучы: падобна Царства Нябеснае да зярня́ці гарчы́чнага, якое чалавек узяў і пасеяў на по́лі сваім;
32 яно, хоць і меншае за ўсякае насе́нне, але, калі вы́расце, бывае бо́льшым за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылята́юць птушкі нябесныя і се́ляцца ў го́ллі яго.
33 Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобна Царства Нябеснае да заква́скі, якую жанчына, узяўшы, пакла́ла ў тры меры мукі, пакуль не ўкісла ўсё.
34 Гэта ўсё сказаў Іісус прытчамі народу, і без прытчы нічога не гаварыў ім,
35 каб збыло́ся ска́занае праз прарока, які кажа: «адкры́ю ў прытчах вусны Мае́; вы́кажу скры́тае ад стварэ́ння свету».
36 Тады Іісус, адпусцíўшы народ, увайшоў у дом. і прыступілі да Яго вучні Яго, ка́жучы: растлума́ч нам прытчу пра пустазе́лле на полі.
37 Ён жа сказаў ім у адказ: Се́йбіт добрага насе́ння ёсць Сын Чалавечы;
38 поле ёсць свет; добрае насе́нне гэта — сыны́ Царства, а пустазе́лле — сыны́ ліхога;
39 вораг, які пасеяў яго, ёсць дыявал; жніво́ ёсць сканчэ́нне веку, а жняцы́ — Ангелы.
40 І вось, як збіраюць пустазе́лле і агнём па́ляць, гэтакса́ма будзе пры сканчэ́нні веку гэтага.
41 Пашле Сын Чалавечы Ангелаў Сваіх, і збяруць з Царства Яго ўсе спаку́сы і тых, што чы́няць беззаконне,
42 і ўкíнуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скры́гат зубоў.
43 Тады пра́веднікі заззя́юць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
44 Яшчэ падобна Царства Нябеснае да схава́нага на полі скарбу, знайшоўшы які, чалавек утаíў яго, і ў радасці ад гэтага ідзе і прадае́ ўсё, што ма́е, і купля́е поле тое.
45 Яшчэ падобна Царства Нябеснае да купца, які шукае прыгожых жамчу́жын,
46 і, знайшоўшы адну шматкашто́ўную жамчу́жыну, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе.
47 Яшчэ падобна Царства Нябеснае да не́вада, які быў закíнуты ў мора і набраў усяго ўсялякага,
48 і калі ён напоўніўся, яго вы́цягнулі на бераг і, сеўшы, добрае скла́лі ў по́суд, а дрэннае выкінулі прэч.
49 Так будзе пры сканчэнні веку: вы́йдуць Ангелы і аддзе́ляць ліхíх з асяро́ддзя пра́ведных,
50 і ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скры́гат зубоў.
51 Кажа ім Іісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць Яму: так, Госпадзі!
52 А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, наву́чаны Царству Нябеснаму, падобны да гаспадара́ дома, які выносіць са ска́рбніцы сваёй новае і старо́е.
53 І ста́лася, калі скончыў Іісус прытчы гэтыя, Ён пайшоў адтуль.
54 І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сінагозе іхняй, так што яны здзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасць і сілы?
55 Ці не цесляро́ў Ён Сын? Ці не Яго Маці завуць Марыя, і браты Яго — Іа́каў, і Іасíй, і Сíман, і Іуда?
56 І сёстры Яго ці не ўсе сярод нас? Адкуль жа ў Яго ўсё гэта?
57 І сумнява́ліся ў Ім. Іісус жа сказаў ім: не бывае прарока без пашаны, хіба́ толькі на бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім.
58 І не ўчынíў там многіх цудаў з-за няве́р’я іх.
Святое Евангелле паводле Матфея, 13 глава