Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Паводле Матфея | 2 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 Калі ж Іісус нарадзíўся ў Віфлее́ме Іудзейскім у дні цара Ірада, вось, мудрацы́ з усходу прыйшлí ў Іерусалім і кажуць:
2 дзе наро́джаны Цар Іудзейскí бо мы бачылі зорку Яго на ўсходзе і прыйшлí пакланíцца Яму.
3 Пачуўшы гэта, цар Ірад занепако́іўся, і ўвесь Іерусалім з ім.
4 І, сабраўшы ўсіх першасвятаро́ў і кніжнікаў народных, пыта́ўся ў іх: дзе ма́е нарадзíцца Хрыстос?
5 Яны ж сказалі яму: у Віфлее́ме Іудзейскім, так бо напíсана прарокам:
6 «І ты, Віфлее́ме, зямля Іу́дава, нічым не ме́ншы сярод ваяво́дстваў Іу́давых; бо з цябе вы́йдзе Правады́р, Які будзе па́свіць народ мой Ізра́іля».
7 Тады Ірад, упо́тай паклíкаўшы мудрацоў, дакла́дна вы́ведаў у іх час з’яўле́ння зоркі.
8 І, паслаўшы іх у Віфлее́м, ён сказаў: ідзіце, дакла́дна даве́дай­цеся пра Дзіця́ і, калі зно́йдзеце, паве́даміце мне, каб і я пайшоў і пакланíўся Яму.
9 Яны, вы́слухаўшы цара, пайшлі; і вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не стала над месцам, дзе было́ Дзіця́.
10 Убачыўшы зорку, яны ўзра́даваліся ра­дасцю вельмі вялікаю.
11 І, увайшоўшы ў дом, яны ўбачылі Дзіця́ з Марыяю, Маці Яго, і, па́ўшы, пакланíліся Яму; і, адкры́ўшы ска́рбніцы свае, прыне́слі Яму дары́: золата, ла́дан і смíрну.
12 І папярэ́джаныя ў сне, каб не вярта́ліся да Ірада, яны іншай дарогай адышлí ў краіну сваю.
13 Калі ж яны адышлі, — вось, Ангел Гасподні яўля́ецца ў сне Іосіфу і кажа: устань, вазьмі Дзіця́ і Маці Яго, і ўцяка́й у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад хоча шукаць Дзіця́, каб загубíць Яго.
14 Ён устаў, узяў Дзіця́ і Маці Яго, і адышоў у Егіпет.
15 І быў ён там да смерці Ірада, каб збыло́ся ска́занае Госпадам праз прарока, які кажа: «з Егіпта паклíкаў Я Сына Майго».
16 Тады Ірад, убачыўшы, што ён ашука́ны мудрацамі, разгне́ваўся вельмі і паслаў пазабіва́ць усіх дзяцей у Віфлее́ме і ва ўсіх ме́жах яго, ад двух гадоў і ніжэ́й, паводле часу, які дакладна вы́ведаў у мудрацоў.
17 Тады збыло́ся ска́занае прарокам Іерамíем, які гаворыць:
18 «голас у Раме чу́тны, галашэнне, і плач, і ля́мант вялікі; Рахíль плача па дзе́цях сваіх і не хоча суце́шыцца; бо іх няма».
19 А калі Ірад памёр, — вось, Ангел Гасподні ў сне яўля́ецца Іосіфу ў Егіпце
20 і кажа: устань, вазьмі Дзіця́ і Маці Яго і ідзі ў зямлю́ Ізра́ілеву, бо паме́рлі тыя, што шукалі душы́ Дзіцяці.
21 Ён устаў, узяў Дзіця́ і Маці Яго і прыйшоў у зямлю́ Ізра́ілеву.
22 Але пачуўшы, што Архела́й царствуе ў Іудзеі замест Ірада, ба́цькі свайго, ён пабаяўся туды ісці; і, атрыма́ўшы ў сне наказ, адышоў у ме́жы Галілейскія.
23 І, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэ́т, каб збыло́ся ска́занае прарокамі, што Ён Назарэ́ем назва́ны будзе.

Святое Евангелле паводле Матфея, 2 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.