Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Паводле Матфея | 25 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 Тады падобна будзе Царства Нябеснае да дзесяці дзеў, якія, узя́ўшы свяцíльнікі свае, выйшлі насу́страч жаніху.
2 Пяць з іх было мудрых і пяць неразумных.
3 Неразумныя, узя́ўшы свяцíльнікі свае, не ўзялí з сабою алею;
4 а мудрыя ўзялí алею ў пасу́дзінах разам са свяцíльнікамі сваімі.
5 І паколькі жаніх затрымаўся, то задрама́лі ўсе і паснулі.
6 Але апо́ўначы крык пачуўся: «вось, жаніх ідзе, выходзьце насу́страч яму».
7 Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі свяцíльнікі свае.
8 А неразумныя мудрым сказалі: «дайце нам алею вашага, бо свяцíльнікі нашы га́снуць».
9 Мудрыя ж сказалі ў адказ: «каб не зда́рылася, што не хопіць і ў нас, і ў вас, ідзіце лепш да прадаўцоў і купíце сабе».
10 Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былí гатовы, увайшлі з ім на вяселле, і зачы́нены былí дзверы.
11 Пасля прыходзяць і астатнія дзевы і кажуць: «гаспадар! гаспадар! адчыні нам».
12 Ён жа сказаў ім у адказ: «праўду кажу вам: не ведаю вас».
13 Дык вось, будзьце пíльныя; бо не ведаеце ні дня, ні гадзíны, калі пры́йдзе Сын Чалавечы.
14 Гэтак і чалавек нейкі, адыхо́дзячы, паклíкаў рабоў сваіх і даручы́ў ім маёмасць сваю:
15 і аднаму даў пяць тала́нтаў, другому два, іншаму адзін, кожнаму па сіле яго; і адразу адышоў.
16 Той, хто атрымаў пяць тала́нтаў, пайшоў, уклаў іх у справу і набыў другія пяць тала́нтаў.
17 Таксама і той, з двума, набыў другія два.
18 А той, хто атрымаў адзін тала́нт, пайшоў і закапа́ў яго ў зямлю́ і схаваў серабро гаспадара́ свайго.
19 Па доўгім часе прыхо́дзіць гаспадар рабоў тых і право́дзіць з імі разлíкі.
20 І той, хто атрымаў пяць талантаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талантаў і кажа: «Гаспадар! пяць тала́нтаў ты даў мне; вось, другія пяць тала́нтаў я набыў на іх».
21 Сказаў жа яму гаспадар яго: «добра, раб добры і верны! у малы́м ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасць гаспадара́ твайго».
22 Падышоў таксама і той, што атрымаў два тала́нты, і сказаў: «гаспадар! два тала́нты ты даў мне; вось, другія два тала́нты я набыў на іх».
23 Сказаў жа яму гаспадар яго: «добра, раб добры і верны! у малы́м ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасць гаспадара́ твайго».
24 Падышоў і той, што атрымаў адзін тала́нт, і сказаў: «гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі: жнеш, дзе не сеяў, і збіраеш, дзе не рассыпа́ў;
25 і, пабая́ўшыся, я пайшоў і схаваў тала́нт твой у зямлí; вось табе тваё».
26 Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: «ліхí раб і лянівы! ты ведаў, што я жну, дзе не сеяў, і збіраю, дзе не рассыпа́ў;
27 таму трэба было табе аддаць серабро маё мяня́лам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам.
28 Дык вось, вазьміце ў яго тала́нт і дайце таму, хто ма́е дзесяць тала́нтаў,
29 бо кожнаму, хто ма́е, будзе да́дзена і памно́жыцца, а ў таго, хто не ма́е, ады́мецца і тое, што ма́е.
30 А нягоднага раба вы́кіньце ў це́мру знешнюю; там будзе плач і скры́гат зубоў». (Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!)
31 Калі ж пры́йдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе святыя Ангелы з Ім, тады сядзе на прастоле славы Сваёй,
32 і збяруцца перад Ім усе народы; і Ён аддзе́ліць адных ад другіх, як пастух аддзяля́е авечак ад казлоў;
33 і паставіць авечак па правы бок ад Сябе, а казлоў — па левы.
34 Тады скажа Цар тым, якія па правы бок ад Яго: «Прыйдзíце, благаславёныя Айца Майго, прымíце ў спа́дчыну Царства, угатава́нае вам ад стварэ́ння свету:
35 бо быў галодны Я, і вы далí Мне есці; быў сасмя́глы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялí Мяне;
36 быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адве́далі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.
37 Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: «Госпадзі! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілí альбо сасмя́глага і напаілі?
38 Калі ж мы бачылі Цябе пры́шлага і прынялí? альбо голага і адзелі?
39 Калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да Цябе?»
40 І Цар скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: тое, што зрабілі вы аднаму з братоў Маіх ме́ншых, Мне зрабілі«.
41 Тады скажа і тым, якія па левы бок: «ідзіце ад Мяне, пракля́тыя, у агонь вечны, угатава́ны дыявалу і ангелам яго:
42 бо быў галодны Я, і вы не далí Мне есці; быў сасмя́глы, і вы не напаілі Мяне;
43 быў прышлы, і не прынялí Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; быў хворы і быў у цямніцы, і вы не адве́далі Мяне».
44 Тады і яны скажуць Яму ў адказ: «Госпадзі, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасмя́глага, альбо пры́шлага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?»
45 Тады скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: таго, што вы не зрабілі аднаму з гэтых ме́ншых, Мне не зрабілі«.
46 І пойдуць гэтыя на му́ку вечную, а праведнікі ў жыццё вечнае.

Святое Евангелле паводле Матфея, 25 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.