Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Дзеянні Апосталаў | 15 глава

Пераклад Біблейскай камісіі


1 Некато́рыя, што прыйшлі з Іудзеі, вучы́лі братоў: калі не абрэ́жацеся паводле звы́чаю Маісеевага, то не можаце спасцíся.
2 Калі ж адбыло́ся сутыкне́нне і спрэ́чка немала́я ў Паўла і Варнавы з імі, то было́ вы́рашана, каб Павел з Варнавам ды некато́рыя іншыя з іх пайшлі да Апосталаў і прасвітараў у Іерусалім па гэтай справе.
3 І вось, яны, адпра́ўленыя царквою, праходзілі праз Фінікíю і Самары́ю, раска́зваючы пра навярта́нне язычнікаў, і прыно́сілі радасць вялікую ўсім брата́м.
4 Калі ж прыбылí яны ў Іерусалім, то былí прыня́ты царквою, Апосталамі і прасвітарамі і расказалі пра ўсё, што зрабіў з імі Бог і як Ён адчынíў язычнікам дзверы веры.
5 Тады ўсталі некато́рыя з фарысейскай е́расі, якія ўве́равалі, і яны казалі, што трэба абрэ́зваць язычнікаў і зага́дваць ім, каб выконвалі закон Маісееў.
6 Апосталы і прасвітары сабра́ліся, каб разгле́дзець гэтую справу.
7 Пасля доўгай спрэчкі ўстаў Пётр і сказаў ім: мужы́ браты́! вы ведаеце, што Бог ад дзён даўніх вы́браў з нас мяне, каб з маіх ву́снаў язычнікі пачулі слова Ева́нгелля і ўве́равалі;
8 і Сэрцаве́д Бог даў ім све́дчанне, пасла́ўшы ім Духа Святога, як і нам;
9 і не зрабіў нія́кай розніцы паміж намі і імі, вераю ачы́сціўшы сэ́рцы іх.
10 Чаму ж вы цяпер спакуша́еце Бога, каб ускла́сці на шы́і вучняў ярмо, якога ні айцы нашы, ні мы не змаглі пане́сці?
11 Але мы ве́руем, што благадаццю Госпада Іісуса Хрыста спасёмся, як і яны.
12 Тады замоўк увесь сход і слу́хаў Варнаву і Паўла, як яны раска́звалі, якія знаме́нні і цу́ды зрабіў Бог праз іх у язычнікаў.
13 Пасля таго, як яны змоўклі, прамовіў Іакаў, кажучы: мужы́ браты́! паслу́хайце мяне;
14 Сíман расказаў, як Бог ад пачатку скірава́ў по́гляд на язычнікаў, каб скла́сці з іх народ у імя́ Сваё;
15 і гэтаму адпавяда́юць словы прарокаў, як напíсана:
16 "потым вярну́ся і адбуду́ю скінію Давідаву заняпа́лую, і разбу́ранае ў ёй адбуду́ю, і ўзвяду́ яе,
17 каб шукалі Госпада іншыя людзі і ўсе народы, для якіх абве́шчана імя́ Маё, — кажа Гасподзь, Які робіць усё гэта".
18 Вядо́мы Богу адве́ку ўсе справы Яго.
19 Таму я лічу́, што не трэба абцяжа́рваць тых з язычнікаў, якія навярта́юцца да Бога,
20 а напіса́ць ім, каб яны ўстры́мліваліся ад апага́ньвання ідаламі, і ад блу́ду, і ад заду́шанага, і ад крывí, і каб не рабілі іншым таго, чаго не жада́юць сабе.
21 Бо закон Маісе́еў ад старажы́тных ро́даў па ўсіх гарада́х ма́е тых, што прапаве́дуюць яго, і чытаецца ў сінагогах кожную суботу.
22 Тады Апосталы і прасвітары з усёй царквою вы́рашылі пасла́ць вы́браных ад іх мужо́ў у Антыяхíю з Паўлам і Варнавам: Іуду, называ́нага Варса́вам, і Сілу, — мужоў, якія ме́лі старшынство́ сярод братоў,
23 напіса́ўшы і перада́ўшы праз іх насту́пнае: "Апосталы, і прасвітары, і браты́ — брата́м з язычнікаў у Антыяхíі, Сíрыі і Кілікíі: ра́да­вацца.
24 Паколькі мы пачулі, што некато́рыя, прыйшоўшы ад нас, устрыво́жылі вас сваімі сло́вамі і збянтэ́жылы ду́шы вашы, ка́жучы, што трэба абрэ́звацца і выко́нваць закон, чаго мы ім не даруча́лі,
25 то мы, сабра́ўшыся, вы́рашылі пасла́ць да вас адзінаду́шна вы́браных мужоў з узлю́бленымі нашымі Варнавам і Паўлам,
26 людзьмí, якія аддалí ду́шы свае за імя́ Госпада нашага Іісуса Хрыста.
27 Дык вось, мы паслалі Іуду і Сілу, якія на сло́вах перададу́ць вам тое самае;
28 бо ўгодна Духу Святому і нам не ўсклада́ць на вас нія́кага бо́льшага цяжа́ру, акрамя́ гэтага неабходнага:
29 устры́млівацца ад ахвярава́нага ідалам, і ад крывí, і ад заду́шанага, і ад блу́ду, і не рабіць іншым таго, чаго не жада́еце сабе; выко́нваючы гэта, вы до́бра зро́біце. Быва́йце здаро́вы".
30 І вось, адпра́ўленыя прыйшлі ў Антыяхíю і, сабра́ўшы людзе́й, перадалí пасла́нне.
31 Тыя ж, прачытаўшы, узра́даваліся настаўле́нню.
32 А Іуда з Сілам, якія са́мі былí прарокамі, у многіх прамовах далí настаўле́нне брата́м і ўмацава́лі іх.
33 Прабы́ўшы там пэўны час, яны былí з мірам адпу́шчаны брата́мі да Апосталаў;
34 але Сіла вы́рашыў заста́цца там, а Іуда адзін вярну́ўся ў Іерусалім.
35 Павел жа і Варнава знахо́дзіліся ў Антыяхíі, навуча́ючы і прапаве́дуючы з многімі іншымі сло́ва Гасподняе.
36 Праз нейкі час Павел сказаў Варнаву: давай ве́рнемся і наве́даем братоў нашых ва ўсіх гарадах, дзе мы прапаве́давалі слова Гасподняе, — як у іх справы.
37 Варнава хацеў узяць з сабою Іаана, называ́нага Маркам;
38 Павел жа лічы́ў, што не трэба браць з сабою яго, які пакінуў іх у Памфілíі і не пайшоў з імі на справу, на якую яны былí пасла́ны.
39 Адбыла́ся спрэчка, так што яны разлучы́ліся адзін з адным; і Варнава, узя́ўшы Марка, адплы́ў на Кіпр;
40 а Павел, вы́браўшы Сілу, пайшоў, бу́дучы дару́чаны брата́мі благада́ці Божай,
41 і праходзіў па Сíрыі і Кілікíі, умацо́ўваючы цэ́рквы.

Дзеянні Святых Апосталаў, 15 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.