1 І ўба́чыў я, што зняў А́гнец адну з сямí пяча́цяў, і я пачу́ў адну з чатыро́х жывёл, якая гавары́ла нíбы го́ласам гро́му: ідзí і глядзí.
2 І ўба́чыў я: вось, конь белы, і той, хто сядзíць на ім, ма́е лук, і быў да́дзены яму вяне́ц; і вы́йшаў ён як перамо́жца і каб перамага́ць.
3 І калі зняў Ён другу́ю пяча́ць, я пачу́ў другу́ю жывёлу, якая гавары́ла: ідзí і глядзí.
4 І вы́йшаў другі конь, агнíста-чырво́ны; і таму, хто на ім сядзе́ў, да́дзена было́ забра́ць мір з зямлí, і каб адзін аднаго забіва́лі; і быў да́дзены яму меч вялікі.
5 І калі зняў Ён трэ́цюю пяча́ць, я пачу́ў трэ́цюю жывёлу, якая гавары́ла: ідзí і глядзí. І ўба́чыў я: вось, конь чорны, і той, хто сядзíць на ім, ма́е ва́гі ў руцэ́ сваёй.
6 І пачу́ў я го́лас сяро́д чатырох жывёл, які каза́ў: хíнікс пшанíцы за дына́рый і тры хíніксы ячме́ню за дына́рый; але́ю ж і віну́ не прычыня́й шко́ды.
7 І калі зняў Ён чацвёртую пяча́ць, я пачу́ў голас чацвёртай жывёлы, якая гавары́ла: ідзí і глядзí.
8 І ўба́чыў я: вось, конь сíвы, і сядзíць на ім той, імя́ якому смерць; і пе́кла ішло́ ўслед за ім, і да́дзена была́ яму ўла́да над чвэ́рцю зямлі — забіва́ць мячо́м, і го́ладам, і памо́рам, і звяра́мі зямны́мі.
9 І калі зняў Ён пя́тую пяча́ць, я ўба́чыў пад ахвя́рнікам ду́шы забíтых за сло́ва Божае і за све́дчанне, якое ме́лі яны.
10 І закрыча́лі яны гу́чным го́ласам, ка́жучы: даку́ль, Уладару́ святы́ і íсцінны, Ты не су́дзіш і не по́мсціш за кроў нашу жыхара́м зямлі?
11 І да́дзена было́ кожнаму з іх адзе́нне белае, і ска́зана было́ ім, каб яны спачыва́лі яшчэ́ нядо́ўгі час, паку́ль дапо́ўняць іх лік і сурабо́тнікі іх і браты́ іх, якія бу́дуць забіты, як і яны.
12 І ўба́чыў я, калі зняў Ён шо́стую пяча́ць: вось, зда́рылася землетрасе́нне вялікае, і со́нца зрабíлася чорным, як валасянíца, і ме́сяц зрабіўся, як кроў.
13 І зоркі нябе́сныя ўпалі на зямлю́, як смако́ўніца скіда́е няспе́лыя плады́ свае, страсяну́тая мо́цным ве́трам.
14 І неба знíкла, скруцíўшыся, як суво́й; і кожная гара́ і во́страў зру́шыліся з ме́сцаў сваіх.
15 І цары́ зямны́я, і вяльмо́жы, і бага́тыя, і тысячанача́льнікі, і магу́тныя, і кожны раб, і кожны свабо́дны схава́ліся ў пячо́рах і ў го́рных ска́лах,
16 і ка́жуць гара́м і ска́лам: упадзíце на нас і схава́йце нас ад аблíчча Таго, Хто сядзíць на прасто́ле, і ад гне́ву А́гнца;
17 бо прыйшо́ў вялікі дзень гне́ву Яго, і хто можа ўстая́ць?
Апакаліпсіс, або Адкравенне святога Апостала Іаана Багаслова, 6 глава