1 Зірнуў Якаў і ўбачыў, і вось, ідзе Ісаў і зь ім чатырыста чалавек. І падзяліў Якаў дзяцей Лііных, Рахіліных і дзьвюх служанак.
2 І паставіў служанак і дзяцей іхніх наперадзе, Лію і дзяцей яе за імі, а Рахіль і Язэпа апошнімі.
3 А сам пайшоў перад імі і пакланіўся да зямлі сем разоў, падыходзячы да брата свайго.
4 І пабег Ісаў яму напярэймы і абняў яго, і ўпаў на шыю яму і цалаваў яго, і плакалі.
5 І зірнуў Ісаў і ўбачыў жонак і дзяцей і сказаў: хто гэта ў цябе? Якаў сказаў: дзеці, якіх Бог даў рабу твайму.
6 І падышлі служанкі і дзеці іхнія і пакланіліся;
7 падышла і Лія і дзеці яе і пакланіліся; нарэшце падышлі Язэп і Рахіль і пакланіліся.
8 І сказаў Ісаў: навошта ў цябе гэта мноства, якое я спаткаў? І сказаў Якаў: каб здабыць упадабаньне ў вачах гаспадара майго.
9 Ісаў сказаў: у мяне многа, браце мой; хай будзе тваё ў цябе.
10 Якаў сказаў: не, калі я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, прымі дарунак мой з рукі маёй; бо я ўгледзеў аблічча тваё, як бы хто ўбачыў аблічча Божае, і ты быў прыхільны да мяне;
11 прымі дабраславеньне маё, якое я прынёс табе, бо Бог даў мне, і ёсьць у мяне ўсё. І ўпрасіў яго. І той узяў
12 і сказаў: падымемся і пойдзем; і я пайду перад табою.
13 Якаў сказаў яму: гаспадар мой ведае, што дзеці пяшчотлівыя, а дробнае і буйное быдла ў мяне дойнае: калі гнаць яго цэлы дзень, дык памрэ ўсё быдла;
14 хай гаспадар мой пойдзе паперадзе раба свайго, а я пайду павольна, як пойдзе быдла, якое перад мною, і як пойдуць дзеці, і прыйду да гаспадара майго ў Сэір.
15 Ісаў сказаў: пакіну я з табою людзей, якія пры мне. Якаў сказаў: навошта гэта? толькі б здабыць мне ўпадабаньне ў вачах гаспадара майго!
16 І вярнуўся Ісаў таго ж самага дня дарогаю сваёю ў Сэір.
17 І Якаў рушыў у Сакот, і пабудаваў сабе дом, і быдлу свайму парабіў кашары. Ад гэтага даў ён імя месцу: Сакот.
18 Якаў, вярнуўшыся зь Месапатамі, шчасьліва прыйшоў у горад Сіхем, які ў зямлі Ханаанскай, і разьмясьціўся перад горадам.
19 І купіў дзялянку поля, на якім паставіў намёт свой, у сыноў Эмора, бацькі Сіхемавага, за сто манет.
20 І паставіў там ахвярнік; і заклікаў імя Госпада, Бога Ізраілевага.
Быцьцё, 33 глава