1 Дзіна, дачка Ліі, якую яна нарадзіла Якаву, выйшла падзівіцца на дачок зямлі той.
2 І ўбачыў яе Сіхем, сын Эмора Эвэяніна, князя зямлі той, і ўзяў яе, і спаў зь ёю, і ўчыніў ёй гвалт.
3 І прыляпілася душа ягоная да Дзіны, дачкі Якава, і ён пакахаў дзяўчыну і гаварыў па сэрцы дзяўчыне.
4 І сказаў Сіхем Эмору, бацьку свайму, кажучы: вазьмі мне гэтую дзяўчыну за жонку.
5 Якаў дачуўся, што сын Эмораў зьняславіў Дзіну, дачку ягоную; але як што сыны яго былі пры быдле ягоным у полі, дык Якаў маўчаў, пакуль яны ня прыйшлі.
6 І выйшаў Эмор, бацька Сіхемаў, ад Якава, пагаварыць зь ім.
7 А сыны Якава прыйшлі з поля і калі пачулі, дык засмуціліся мужчыны тыя і запалалі гневам, бо няславу зрабіў ён Ізраілю, пераспаўшы з дачкою Якава: а так нельга было рабіць.
8 Эмор пачаў гаварыць ім і сказаў: Сіхем, сын мой, прыляпіўся душою да дачкі вашае; дайце ж яе за жонку яму;
9 параднецеся з намі: аддавайце за нас дачок вашых, а нашых дачок бярэце сабе;
10 і жывеце з намі: зямля гэтая перад вамі, жывеце і працуйце на ёй і набывайце яе ў валоданьне.
11 А Сіхем сказаў бацьку яе і братам яе: толькі б знайсьці мне ўпадабаньне ў вачах вашых, я дам, што ні скажаце мне;
12 назначце самы вялікі выкуп і дарункі: я дам, што ні скажаце мне, толькі аддайце мне дзяўчыну за жонку.
13 І адказвалі сыны Якава Сіхему і Эмору, бацьку ягонаму, з хітрынаю; а казалі так таму, што ён зьняславіў Дзіну, сястру іхнюю;
14 і сказалі ім: ня можам гэтага зрабіць, выдаць сястру нашую за чалавека, які неабрэзаны; бо гэта няслава нам;
15 толькі на той умове мы згодзімся з вамі, калі вы будзеце, як мы, каб і ў вас увесь мужчынскі пол быў абрэзаны;
16 і будзем аддаваць за вас дачок нашых і браць за сябе вашых дочак, і будзем жыць з вамі, і складзем адзін народ;
17 а калі не паслухаецеся нас у тым, каб абразацца, дык мы возьмем дачку нашу і сыдзем.
18 І спадабаліся словы гэтыя Эмору і Сіхему, сыну Эмораваму.
19 Хлопец не забавіўся выканаць гэта, бо кахаў дачку Якава. А ён найбольш паважаны быў з дому бацькі свайго.
20 І прыйшоў Эмор і Сіхем, сын ягоны, да брамы горада свайго, і пачалі гаварыць жыхарам горада свайго і сказалі:
21 гэтыя людзі ў міры з намі; хай яны селяцца на зямлі і працуюць на ёй; а зямля вось прасторная перад імі. Будзем браць дачок іхніх сабе за жонак і нашых дачок выдаваць за іх.
22 Толькі на такой умове гэтыя людзі згаджаюцца жыць з намі і быць адным народам, каб і ў нас абрэзаны быў увесь мужчынскі пол, як яны абрэзаны.
23 Ці ж ня нам статкі іхнія і маёмасьць іхняя, і ўсё быдла іхняе? Толькі згодзімся зь імі, і будуць жыць з намі.
24 І паслухаліся Эмора і Сіхема, сына ягонага, усе, хто выходзіў з брамы горада ягонага: і абрэзаны быў увесь мужчынскі пол, — усе, хто выходзіў з брамы горада ягонага.
25 На трэці дзень, калі яны былі занядужалі, два сыны Якава, Сымон і Левій, браты Дзініныя, узялі кожны свой меч, і адважна напалі на горад, і аддалі сьмерці ўвесь мужчынскі пол;
26 і самога Эмора і Сіхема, сына ягонага, забілі мечам; і ўзялі Дзіну з дома Сіхемавага і выйшлі.
27 Сыны Якава прыйшлі да забітых і абабралі горад за тое, што зьняславілі сястру іхнюю.
28 Яны ўзялі дробнае і буйное быдла іхняе, і аслоў іхніх, і што ні было ў горадзе, і што ні было ў полі;
29 і ўсё багацьце іхняе і ўсіх дзяцей іхніх і жонак іхніх узялі ў палон, і абабралі ўсё, што было ў дамах.
30 І сказаў Якаў Сымону і Левію: вы абурылі мяне, зрабіўшы мяне ненавісным жыхарам гэтай зямлі, Хананэям і Фэрэзэям. У мяне людзей мала; зьбяруцца супроць мяне, паб'юць мяне, і зьнішчаны буду я і дом мой.
31 А яны сказалі: а хіба можна рабіць зь сястрою нашаю, як з распусьніцаю!
Быцьцё, 34 глава