1 Як прайшло два гады, фараону прысьнілася: вось, ён стаіць каля ракі;
2 і вось, выйшлі з ракі сем кароў, добрых з выгляду і ўкормленых целам, і пасьвіліся ў трысьнягу;
3 але вось, пасьля іх выйшлі з ракі сем кароў іншых, благіх з выгляду і худых целам, і сталі каля тых кароў на беразе ракі;
4 і зьелі каровы благія з выгляду і худыя целам сем кароў добрых з выгляду і ўкормленых. І прачнуўся фараон,
5 і заснуў зноў, і сьнілася яму другім разам: вось, на адной сьцябліне падняліся сем каласоў налітых і добрых;
6 але вось, пасьля іх вырасла сем каласоў пустых і высушаных усходнім ветрам;
7 і пажэрлі пустыя каласы сем каласоў налітых і поўных. І прачнуўся фараон і зразумеў, што гэта сон.
8 Раніцай сумеўся дух ягоны, і паслаў ён, і паклікаў усіх вешчуноў Егіпта і ўсіх мудрацоў ягоных, і расказаў ім фараон сон свой; але ня было нікога, хто растлумачыў бы яго фараону.
9 І пачаў гаварыць галоўны чашнік фараону і сказаў: грахі мае ўспамінаю я сёньня;
10 фараон угневаўся на рабоў сваіх і аддаў мяне і галоўнага пекара пад варту ў дом начальніка целаахоўцаў;
11 і сьніўся нам сон у адну ноч, мне і яму, кожнаму сьніўся сон адмысловага значэньня;
12 а там быў з намі малады Габрэй, раб начальніка целаахоўцаў; мы расказалі яму сны нашыя, і ён растлумачыў нам кожнаму адпаведна яго сну;
13 і як ён растлумачыў нам, так і збылося: я вернуты на месца маё, а той павешаны.
14 І паслаў фараон і паклікаў Язэпа. І пасьпешна вывелі яго зь цямніцы. Ён пастрыгся і зьмяніў вопратку сваю і прыйшоў да фараона.
15 Фараон сказаў Язэпу: мне сьніўся сон, і няма нікога, хто растлумачыў бы яго, а пра цябе я чуў, што ты ўмееш тлумачыць сны.
16 І адказваў Язэп фараону, кажучы: гэта не маё: Бог дасьць адказ на карысьць фараону.
17 І сказаў фараон Язэпу: мне сьнілася: вось, стаю я на беразе ракі;
18 і вось, выйшлі з ракі сем кароў укормленых целам і добрых з выгляду і пасьвіліся ў трысьнягу;
19 але вось, пасьля іх выйшлі сем кароў іншых, кепскіх, вельмі благіх з выгляду і худых целам: я ня бачыў на ўсёй зямлі Егіпецкай такіх кепскіх, як яны;
20 і зьелі худыя і кепскія каровы ранейшых сем кароў укормленых;
21 і ўвайшлі ўкормленыя ў нутробу іхнюю, але ня прыкметна было, што яны ўвайшлі ў нутробу іхнюю: яны былі такія самыя благія з выгляду, як і да таго. І я прачнуўся.
22 Потым сьнілася мне: вось, на адной сьцябліне паднялося сем каласоў поўных і добрых:
23 але вось, пасьля іх вырасла сем каласоў тонкіх, пустых і высушаных усходнім ветрам;
24 і зжэрлі худыя каласы сем каласоў добрых. Я расказаў гэта вяшчунам, але ніхто не растлумачыў мне.
25 І сказаў Язэп фараону: сон фараонаў адзін: што Бог зробіць, тое ён абвясьціў фараону.
26 Сем кароў добрых, гэта сем гадоў; і сем каласоў добрых, гэта сем гадоў: сон адзін;
27 і сем кароў благіх і худых, якія выйшлі пасьля тых, гэта сем гадоў, таксама і сем каласоў худых і высушаных усходнім ветрам, гэта сем гадоў голаду.
28 Вось, чаму сказаў я фараону: што Бог зробіць, тое Ён паказаў фараону.
29 Вось настаюць сем гадоў багацьця на ўсёй зямлі Егіпецкай;
30 пасьля іх настануць сем гадоў голаду: і забудзецца ўсё тое багацьце на зямлі Егіпецкай, і зблажыць голад зямлю,
31 і пазнаванае будзе ранейшае багацьце на зямлі, з прычыны голаду, які прыйдзе пасьля, бо ён будзе вельмі цяжкі.
32 А што сон паўтарыўся фараону два разы, гэта азначае, што гэта сапраўды слова Божае, і што неўзабаве Бог выканае гэта.
33 І сёньня хай нагледзіць фараон чалавека разумнага і мудрага і хай паставіць яго над зямлёй Егіпецкай.
34 Хай загадае фараон паставіць над зямлёю наглядчыкаў і зьбіраць у сем гадоў багацьця пятую частку зь зямлі Егіпецкай;
35 хай яны бяруць усякі хлеб гэтых будучых добрых гадоў і зьбяруць у гарадах хлеб пад руку фараона на ежу, і хай ашчаджаюць;
36 і будзе гэтая ежа запасам для зямлі на сем гадоў голаду, якія будуць у зямлі Егіпецкай, каб зямля не загінула ад голаду.
37 Гэта спадабалася фараону і ўсім слугам ягоным.
38 І сказаў фараон слугам сваім: ці знойдзем мы такога, як ён, чалавека, у якім быў бы Дух Божы?
39 І сказаў фараон Язэпу: як бо Бог адкрыў табе ўсё гэта, дык няма такога разумнага, як ты;
40 ты будзеш над домам маім, і твайго слова трымацца будзе ўвесь народ мой; толькі тронам я буду большы за цябе.
41 І сказаў фараон Язэпу: вось, я пастаўлю цябе над усёю зямлёю Егіпецкаю.
42 І зьняў фараон пярсьцёнак свой з рукі свае і надзеў яго на руку Язэпу; апрануў яго ў вісоннае адзеньне, усклаў залаты ланцуг на шыю яму;
43 загадаў везьці яго на другой сваёй калясьніцы і абвяшчаць перад ім: схіляйцеся! І паставіў яго над усёю зямлёю Егіпецкаю.
44 І сказаў фараон Язэпу: я фараон; безь цябе ніхто не варухне ні рукою сваёю, ні нагою сваёю ва ўсёй зямлі Егіпецкай.
45 І даў фараон Язэпу імя: Цафнат-панэах; і даў яму за жонку Асэнэту, дачку Потыфэра, жраца Она. І пайшоў Язэп па зямлі Егіпецкай.
46 Язэпу было трыццаць гадоў ад роду, калі ён стаў перад абліччам цара Егіпецкага. І выйшаў Язэп ад аблічча фараонавага і прайшоў па ўсёй зямлі Егіпецкай.
47 А зямля сем гадоў багатых радзіла зь зерня па прыгаршчах.
48 І сабраў ён усякі хлеб сямі гадоў, якія былі ў зямлі Егіпецкай, і паклаў хлеб у гарадах; у кожным горадзе паклаў хлеб палёў, якія былі вакол яго.
49 І ашчадзіў Язэп хлеба даволі многа, як пяску марскога, так што перастаў і лічыць, бо ня стала ліку.
50 Пакуль насталі гады голаду, у Язэпа нарадзіліся два сыны, якіх нарадзіла яму Асэнэта, дачка Потыфэра, жраца Іліёпальскага.
51 І даў Язэп імя першынцу: Манасія, бо Бог даў мне забыць усе няшчасьці мае і ўвесь дом бацькі майго.
52 А другому даў імя: Яфрэм, бо Бог зрабіў мяне плодным у зямлі цярпеньняў маіх.
53 І прайшло сем гадоў багацьця, якое было ў зямлі Егіпецкай,
54 і насталі сем гадоў голаду, як сказаў Язэп. І быў голад ва ўсіх землях, а ва ўсёй зямлі Егіпецкай быў хлеб.
55 Але калі і ўся зямля Егіпецкая пачала цярпець голад, дык народ пачаў галасіць фараону пра хлеб. І сказаў фараон усім Егіпцянам: ідзеце да Язэпа і рабеце, што ён вам скажа.
56 І быў голад па ўсёй зямлі; і адчыніў Язэп усе засекі і пачаў прадаваць хлеб Егіпцянам. А голад мацнеў у зямлі Егіпецкай.
Быцьцё, 41 глава