Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 48 глава

Пераклад Васіля Сёмухі


1 Пасьля таго Язэпу сказалі: вось, бацька твой хворы. І ён узяў з сабою двух сыноў сваіх, Манасію і Яфрэма.
2 Якаву паведамілі і сказалі: вось, сын твой Язэп ідзе да цябе. Ізраіль сабраў сілу сваю і сеў на пасьцелі.
3 І сказаў Якаў Язэпу: Бог Усемагутны явіўся мне ў Лузе, у зямлі Ханаанскай, і дабраславіў мяне,
4 і сказаў мне: вось, Я распладжу цябе і памножу цябе, і выведу зь цябе мноства народаў, і дам зямлю гэтую нашчадкам тваім пасьля цябе, у вечнае валоданьне.
5 І сёньня два сыны твае, што радзіліся ў зямлі Егіпецкай, да майго прыбыцьця да цябе ў Егіпет, мае яны; Яфрэм і Манасія, як Рувім і Сымон, будуць мае;
6 а твае дзеці, якія народзяцца ад цябе пасьля іх, будуць твае; яны пад імем братоў сваіх будуць называцца ў спадках іхніх.
7 Калі я ішоў зь Месапатаміі, памерла ў мяне Рахіль у зямлі Ханаанскай, на дарозе, не даходзячы крыху да Эфраты, і я пахаваў яе там на дарозе да Эфраты, што сёньня Віфляем.
8 І ўбачыў Ізраіль сыноў Язэпавых і сказаў: хто гэта?
9 І сказаў Язэп бацьку свайму: гэта сыны мае, якіх Бог даў мне тут. Якаў сказаў: падвядзі іх да мяне, і я дабраслаўлю іх.
10 А вочы Ізраілевыя прытупіліся ад старасьці, ня мог ён бачыць ясна. Язэп падвёў іх да яго, і ён пацалаваў іх і абняў іх.
11 І сказаў Ізраіль Язэпу: не спадзяваўся я ўбачыць твой твар: але вось, Бог паказаў мне і дзяцей тваіх.
12 І адвёў іх Язэп ад каленяў ягоных і пакланіўся яму тварам да самай зямлі.
13 І ўзяў Язэп абодвух, Яфрэма ў правую сваю руку насупраць левай Ізраіля, а Манасію ў левую насупраць правай Ізраіля, і падвёў да яго.
14 Але Ізраіль працягнуў правую руку сваю і паклаў на галаву Яфрэму, хоць гэты быў меншы, а левую на галаву Манасіі. З намерам паклаў ён так рукі свае, хоць Манасія быў першынец.
15 І дабраславіў Язэпа і сказаў: Бог, прад Якім хадзілі бацькі мае, Абрагам і Ісаак, Бог, Які пасе мяне з таго часу, як я існую, да сёньня,
16 анёл, які ратуе мяне ад усякага ліха, каб дабраславіць хлопчыкаў гэтых; хай будзе на іх названа імя маё і імя бацькоў маіх, Абрагама і Ісаака, і хай паўстануць яны ў мностве пасярод зямлі.
17 І ўбачыў Язэп, што бацька ягоны паклаў правую руку сваю на галаву Яфрэму; і скрушліва было яму ад гэтага. І ўзяў ён руку бацькі свайго, каб перакласьці яе з галавы Яфрэма на галаву Манасіі,
18 і сказаў Язэп бацьку свайму: ня так, бацька мой, бо гэта — першынец; пакладзі на яго правую руку тваю.
19 Але бацька яго не згадзіўся і сказаў: ведаю, сыне мой, ведаю; і ад яго пойдзе народ, і ён будзе вялікі; але меншы яго брат будзе большы за яго, і ад семені яго пойдзе шматлікі народ.
20 І дабраславіў іх у той дзень, кажучы: табою будзе дабраслаўляць Ізраіль, кажучы: Бог няхай створыць табе, як Яфрэму і Манасіі.
21 І паставіў Яфрэма вышэй за Манасію.
22 І сказаў Ізраіль Язэпу: вось, я паміраю; і Бог будзе з вамі і верне вас у зямлю бацькоў вашых;
23 я даю табе, звыш братоў тваіх, адну дзялянку, якую я ўзяў з рук Амарэяў мечам сваім і лукам сваім.

Быцьцё, 48 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.