1 І паслаў Хірам, цар Тырскі, да Давіда паслоў, і кедровыя дрэвы, і муляроў, і цесьляроў, каб пабудаваць яму дом.
2 Калі даведаўся Давід, што ўмацаваў яго Гасподзь царом над Ізраілем, што ўзьнесена высока царства ягонае, дзеля народу яго Ізраіля,
3 тады ўзяў Давід яшчэ жонак у Ерусалім, і спарадзіў Давід яшчэ сыноў і дочак.
4 І вось імёны тых, што нарадзіліся ў яго ў Ерусаліме: Самус, Саваў, Натан, Саламон,
5 Эвэар, Элісуя, Элфалэт,
6 Ногах, Нафэк, Яфія,
7 і Элісама, Вэеліяда і Эліфалэт.
8 І пачулі Філістымляне, што памазаны Давід у цара над усім Ізраілем, і падняліся ўсе Філістымляне шукаць Давіда. І пачуў Давід пра гэта і пайшоў супроць іх.
9 І Філістымляне прыйшлі і разьмясьціліся ў даліне Рэфаімаў.
10 І спытаўся Давід у Бога, кажучы: ці ісьці мне супроць Філістымлянаў, і ці аддасі іх у рукі мае? І сказаў яму Гасподзь: ідзі, і Я аддам у рукі твае.
11 І пайшлі яны ў Ваал-Пэрацым, і пабіў іх там Давід; і сказаў Давід: зламаў Бог ворагаў маіх рукою маёю, як прарыў вады. Таму і далі імя мясьціне той: Ваал-Пэрацым.
12 І пакінулі там Філістымляне багоў сваіх, і загадаў Давід, і спалены яны агнём.
13 І прыйшлі зноў Філістымляне і разьмясьціліся па даліне.
14 І яшчэ спытаўся Давід у Бога, і сказаў яму Бог не хадзі проста на іх, ухіліся ад іх і йдзі да іх з боку тутавых дрэў;
15 і калі пачуеш шум як бы крокаў на вяршалінах тутавых дрэў, тады ўступі ў бітву, бо выйшаў Бог перад табою, каб пабіць табар Філістымлянаў.
16 І зрабіў Давід, як сказаў яму Бог; і разьбілі табар Філістымскі, ад Гаваона да Газэра.
17 І пранеслася імя Давідава па ўсіх землях, і Гасподзь зрабіў яго страшным для ўсіх народаў.
Першая кніга Летапісаў, 14 глава