Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2-я Летапісаў | 9 глава

Пераклад Васіля Сёмухі


1 Царыца Саўская, дачуўшыся пра славу Саламона, прыйшла выпрабаваць Саламона загадкамі ў Ерусалім, з даволі вялікім багацьцем і зь вярблюдамі, наўючанымі пахошчамі і мноствам золата і каштоўных камянёў. І прыйшла да Саламона і гутарыла зь ім пра ўсё, што было на сэрцы ў яе.
2 І раскрыў ёй Саламон усе словы яе, і не знайшлося нічога невядомага Саламону, чаго ён не раскрыў бы ёй.
3 І ўбачыла царыца Саўская мудрасьць Саламона і дом, які ён пабудаваў,
4 і ежу за сталом ягоным, і чыннасьць слугаў ягоных і вопратку іхнюю, і чашнікаў ягоных і вопратку іхнюю, і ход, якім ён хадзіў у дом Гасподні, — і была яна не ў сабе.
5 І сказала цару: правільна тое, што я чула ў зямлі маёй пра дзеі твае і пра мудрасьць тваю,
6 але я ня верыла словам пра яе, пакуль ня прыйшла і ня ўбачыла на свае вочы. І вось, мне і палавіны ня сказана пра вялікую мудрасьць тваю: ты пераўзыходзіш пагалоскі, якія я чула.
7 Шчасныя людзі твае, і шчасныя гэтыя слугі твае, якія заўсёды стаяць перад табою і чуюць мудрасьць тваю.
8 Хай будзе дабраславёны Гасподзь Бог твой, Які ўдабраволіў пасадзіць цябе на трон Свой царом у Госпада Бога твайго. Па любові Бога твайго да Ізраіля, каб уцьвердзіць яго навекі, Ён паставіў цябе царом над ім — чыніць суд і праўду.
9 І падарыла яна цару сто дваццаць талантаў золата і вялікае мноства пахошчаў і каштоўных камянёў; і ня бывала такіх пахошчаў, якія падарыла царыца Саўская цару Саламону.
10 І слугі Хірамавыя і слугі Саламонавыя, якія прывезьлі золата з Афіра, прывезьлі і чырвонага дрэва і каштоўных камянёў.
11 І зрабіў цар з гэтага чырвонага дрэва лесьвіцы да дома Гасподняга і да дома царскага, і цытры і псалтыры сьпевакамі. І ня відаць было падобнага на гэта раней у зямлі Юдэйскай.
12 А цар Саламон даў царыцы Саўскай усё, чаго яна хацела і чаго яна прасіла, апрача такіх рэчаў, якія яна прывезла цару. І яна выправілася назад у зямлю сваю, яна і слугі яе.
13 Вагі ў золаце, якое прыходзіла Саламону за год, было шасьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць талантаў золата.
14 Звыш таго, паслы і купцы прыносілі, і ўсе цары Аравійскія і начальнікі абласныя прыносілі золата і срэбра Саламону.
15 І зрабіў цар Саламон дзьвесьце вялікіх шчытоў з каванага золата, — па шасьцьсот сікляў каванага золата пайшло на кожны шчыт,
16 і трыста шчытоў меншых з каванага золата, — па трыста сікляў золата пайшло на кожны шчыт; і паставіў іх цар у доме зь Ліванскага дрэва.
17 І зрабіў цар вялікі трон са слановай косьці, і абклаў яго чыстым золатам,
18 і шэсьць прыступак да трона і залатое падножжа, да трона прыробленае, і лакотнікі абапал каля сядзеньня, і двух ільвоў, якія стаялі каля лакотнікаў,
19 і яшчэ дванаццаць ільвоў, якія стаялі там на шасьці прыступках, абапал. Ня бывала такога ў ніводным царстве.
20 І ўвесь посуд для піцьця ў цара Саламона быў з золата, і ўвесь посуд у доме зь Ліванскага дрэва быў з золата адборнага; срэбра ў дні Саламона лічылася нічым,
21 бо караблі цара хадзілі ў Тарсіс са слугамі Хірама, і ў тры гады раз вярталіся караблі з Тарсіса і прывозілі золата і срэбра, слановую косьць і малпаў і паваў.
22 І пераўзышоў цар Саламон усіх цароў зямлі багацьцем і мудрасьцю.
23 І ўсе цары зямлі спрабавалі ўбачыць Саламона, каб паслухаць мудрасьці ягонай, якую ўклаў Бог у сэрца ягонае.
24 І кожны зь іх падносіў ад сябе ў дарунак посуд срэбны і посуд залаты і вопратку, зброю і пахошчы, коней і кабыл, год у год.
25 І было ў Саламона чатыры тысячы стойлаў для коней і калясьніц і дванаццаць тысяч коньнікаў; і ён разьмясьціў іх у гарадах калясьнічных і пры цары — у Ерусаліме;
26 і панаваў ён над усімі царамі ад ракі Еўфрата да зямлі Філістымскай і да межаў Егіпта.
27 І зрабіў цар золата і срэбра ў Ерусаліме роўнавартасным простаму каменю, а кедры, ад мноства, зрабіў роўнавартаснымі сікаморам, якія на нізкіх мясьцінах.
28 Коней прыводзілі Саламону зь Егіпта і з усіх земляў.
29 Астатнія дзеі Саламонавыя, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Натана прарока і ў прароцтве Ахіі Сіламляніна і ў відзежах празорліўца Ёіля пра Ераваама, сына Наватавага.
30 А валадарыў Саламон з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда, бацькі ягонага. І зацаравваў Раваам, сын ягоны замест яго.

Другая кніга Летапісаў, 9 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.