Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Эздры | 5 глава

Пераклад Васіля Сёмухі


1 Але прарок Агей і прарок Захар, сын Ады, казалі Юдэям, якія ў Юдэі і Ерусаліме, прарочыя казані ў імя Бога Ізраілева.
2 Тады ўсталі Зарававэль, сын Салатыілаў, і Ісус, сын Ёсэдэкаў, і пачалі будаваць дом Божы ў Ерусаліме, і зь імі прарокі Божыя, якія падмацоўвалі іх.
3 У той час прыйшоў да іх Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, Шэтар-Бознай і таварышы іхнія, і так сказалі ім: хто вам дазволіў будаваць дом гэты і дарабляць сьцены гэтыя?
4 Тады мы сказалі ім імёны тых людзей, якія будуюць будынак.
5 Але вока Богава было над старэйшынамі Юдэйскімі, і тыя не забаранялі ім, пакуль справу не адправілі Дарыю і пакуль ня прыйшло рашэньне па гэтай справе.
6 Вось зьмест пісьма, якое паслаў Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, і Шэтар-Бознай з таварышамі сваімі — Афарсахэямі, якія за ракою, цару Дарыю.
7 У данясеньні, якое яны паслалі яму, вось што напісана: Дарыю цару — усякі мір!
8 Хай будзе вядома цару, што мы хадзілі ў Юдэйскую вобласьць да дома Бога вялікага; і будуецца ён зь вялікіх камянёў, і драўніна ўкладваецца ў сьцены, і праца гэтая робіцца борзда і з посьпехам ідзе ў руках іхніх.
9 Тады мы спыталіся ў старэйшынаў тых і так сказалі ім: хто дазволіў вам будаваць дом гэты і сьцены гэтыя дарабляць?
10 І звыш таго пра імёны іхнія мы спыталіся ў іх, каб уведаміць цябе і напісаць імёны тых людзей, якія галоўныя ў іх.
11 І яны адказалі нам такімі словамі: мы рабы Бога неба і зямлі і будуем дом, які быў пабудаваны за шмат гадоў раней гэтага, — і вялікі цар у Ізраіля будаваў яго і давяршыў яго.
12 А калі бацькі нашыя прагнявілі Бога нябеснага, Ёр аддаў іх у руку Навухаданосара, цара Вавілонскага, Халдэяніна, і дом гэты Ён разбурыў, і народ перасяліў у Вавілон.
13 Але ў першы год Кіра, цара Вавілонскага, цар Кір даў дазвол пабудаваць гэты дом Божы;
14 ды і посуд дома Божага, залаты і срэбраны, які Навухаданосар вынес з храма Ерусалімскага і занёс у храм Вавілонскі, — вынес Кір цар з храма Вавілонскага і аддаў яго паіменна Шэшбацару, якога ён назначыў начальнікам вобласьці,
15 і сказаў яму: вазьмі гэты посуд, ідзі і занясі яго ў храм Ерусалімскі, і хай дом Божы будуецца на сваім месцы.
16 Тады Шэшбацар той прыйшоў, заклаў падмурак дома Божага ў Ерусаліме; і з таго часу дагэтуль ён будуецца, і яшчэ не закончаны.
17 Дык вось, калі цару заўгодна, няхай пашукаюць у доме царскіх скарбаў, там у Вавілоне, ці сапраўды царом Кірам дадзены дазвол будаваць гэты дом Божы ў Ерусаліме, і царскую волю пра гэта няхай прышлюць нам.

Кніга Эздры, 5 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.