1 Кіроўцу хору. Вучэньне. Сыноў Карэевых.
2 Божа, мы чулі на вушы свае, бацькі нашыя нам апавядалі пра дзею, якую ўчыніў Ты ў іхнія дні, у дні пракаветныя.
3 Ты рукою Тваёю панішчыў народы, а іх насадзіў; расьсеяў плямёны і выгнаў іх;
4 бо ня мечам сваім яны зямлю набылі, і ня іхняя мышца іх выратавала, а Твая правіца і мышца Твая і сьвятло аблічча Твайго; бо дабраволіў ім.
5 Божа, Цару мой! Ты — той самы; даруй ратунак Якаву.
6 З табою паборам рагамі супраціўнікаў нашых; у імя Тваё патопчам нагамі і тых, што паўсталі на нас;
7 бо не на лук мой спадзяюся, і ня меч мой уратуе мяне;
8 а Ты ўратуеш нас ад ворагаў нашых, і пасароміш ненавісьнікаў нашых.
9 Хваліцьмемся Богам штодня, і імя Тваё будзем славіць вечна.
10 Ад сёньня Ты адкінуў нас і пасароміў, і ня выходзіш з войскам нашым,
11 змусіў нас уцякаць ад ворага, і ненавісьнікі нашы рабуюць нас;
12 Ты аддаў нас, як авечак, на поед, і расьсеяў нас між народамі;
13 бяз выгоды прадаў Ты народ Твой, і не падвысіў яму цаны;
14 аддаў нас на зьдзекі суседзям, на глум і зьнявагу наўкольным;
15 Ты зрабіў нас пагудкаю паміж народамі, і галавою хітаюць народы з нас.
16 Кожны дзень зьнявага мая перада мною, і сорам на твары маім
17 ад голасу паклёпнікаў і зьняважнікаў, ад позіркаў ворага і помсьніка:
18 усё гэта найшло на нас; але мы не забылі Цябе і запавету Твайго не парушылі.
19 Не адступілася сэрца наша, і ня ўхіліліся нашыя ногі ад дарогі Тваёй,
20 калі скрышыў Ты нас у зямлі шакалаў і акрыў нас ценем сьмяротным.
21 Калі б мы забыліся імя Бога нашага і працягнулі рукі нашы да Бога чужога,
22 дык ці не спагнаў бы за гэта Бог? Бо Ён ведае таямніцы сэрца.
23 Але за Цябе забіваюць нас кожнага дня, прымаюць нас за авечак ахвярных...
24 Паўстань, чаго сьпіш, Госпадзе! прачніся, не адкінь назаўсёды.
25 Навошта хаваеш аблічча Тваё, забываеш пра скруху нашу і пра нашыя ўціскі?
26 бо душа наша зьніжаная да пылу, і да зямлі наша цела прыпала.
27 Паўстань жа на дапамогу нам, і дзеля ласкі Тваёй выратуй нас.
Псалтыр, псалом 43