1 Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. Псальма.
2 Слухайце гэта, усе народы; уважайце гэтаму ўсе, хто жыве на сьвеце,
3 і простыя, і знакамітыя, багаты, гэтак сама і бедны;
4 вусны мае вымавяць мудрасьць, а развагі сэрца майго — веданьне.
5 Нахілю вуха маё да прыпавесьці; адкрыю загадку маю на арфе:
6 "чаго мне баяцца ў дні бедства, калі абчэпіць мяне злосьць шляхоў маіх беззаконных",
7 якія надзею кладуць на багацьце і сваімі дастаткамі хваляцца?
8 Чалавек ня выкупіць брата свайго ніяк і за яго ня дасьць выкупу Богу;
9 бо выкуп за душы іхнія дарагі, і ня будзе таго вавек,
10 каб застаўся хто жыць назаўсёды і ня ўбачыў магілы.
11 Кожны бачыць, што і мудрыя паміраюць, як і невукі і бязглуздыя гінуць, пакідаюць маёмасьць сваю іншым.
12 У думках у іх, што хаты іхнія вечныя, і што харомы іхнія з роду да роду, і землі свае яны называюць сваімі імёнамі.
13 Ды не застанецца ў пашане чалавек, падобна жывёле, якая гіне.
14 Такая дарога іхняя ёсьць іхняя неразумнасьць, хоць за імі ідуць тыя, што думку іхнюю ўхваляюць.
15 Як авечак, у апраметную іх зьвядуць: сьмерць будзе іх пасьвіць, а раніцай праведнікі запануюць над імі; сіла іхняя вычарпаецца; магіла — жытлішча іхняе.
16 Але вызваліць Бог душу маю ад улады сьмяротнага краю, калі прыме мяне.
17 Ня бойся, калі чалавек багацее, калі слава дома ягонага множыцца:
18 бо, памерлы, нічога з сабою ня возьме; ня пойдзе за ім слава ягоная,
19 хоць пры жыцьці ён душы сваёй патураў, і ўслаўляюць цябе, калі ты сабе робіш дабро,
20 але ён пойдзе да роду бацькоў сваіх, якія ніколі ня ўбачаць сьвятла.
21 Чалавек у пашане, але неразумны, падобны да жывёлы, якая гіне.
Псалтыр, псалом 48