1 Кіроўцу хору. На струнных інструмэнтах. Вучэньне Давідава.
2 Пачуй, Божа, малітву маю, і ад маленьня майго не хавайся;
3 уваж мне і пачуй мяне; я стагну ў гароце маёй і бянтэжуся
4 ад крыку варожага, ад уціску бязбожнага; бо яны мне накідаюць беззаконьне і ў гневе супроць мяне варагуюць.
5 Сэрца маё трапеча ўва мне і сьмяротныя страхі мяне ахапілі;
6 страх і жудасьць мяне агарнулі, і вусьцішна мне.
7 І сказаў я: "Хто даў бы мне крылы, як у голуба? Я паляцеў бы і супакоіўся;
8 далёка заляцеў бы, і ў пустыні застаўся б;
9 пасьпяшаўся б схавацца ад буры й віхуры".
10 Разладзь, Госпадзе, і падзялі языкі іхнія, бо я гвалт і нязгоду ў горадзе бачу;
11 удзень і ўначы яны ходзяць навокал па ягоных мурах; зладзействы і бедствы ў ім;
12 сярод яго згуба; ашука і подступ ня сыходзяць з вуліц ягоных:
13 бо ня вораг мяне кляне, — гэта я ператрываў бы; не ненавісьнік мой узьвялічваецца нада мною — ад яго я схаваўся б;
14 а ты, хто быў мне тым, што і сам я сабе, сябар мой і паплечнік мой,
15 з кім мы шчырыя гутаркі мелі і разам хадзілі ў дом Божы.
16 Хай іх сьмерць ня міне; хай сыдуць яны жывыя ў пекла; бо злачынства ў сялібах іхніх, у іхнім сэрцы,
17 я ж паклічу Бога, і Гасподзь мяне выратуе.
18 Увечары і раніцай і апоўдні я буду маліць і прасіць, і Ён пачуе мой голас;
19 выбавіць душу маю ў спакоі ад тых, хто на мяне паўстае; бо іх многа ў мяне;
20 Бог выслухае, і суцешыць іх Той, Хто адвеку сядзіць на троне, бо няма ў іх перамены, і Бога яны не баяцца;
21 рукі свае паднялі на тых, якія зь імі ў міры, парушылі згоду сваю;
22 вусны ў іх гладкія, нібы масла, а ў сэрцы варожасьць у іх; словы іхнія лагаднейшыя за алей, а самі яны — мячы аголеныя.
23 Пакінь Госпаду клопат твой, і Ён падтрымае цябе. Ніколі ня дасьць Ён праведніку пахіснуцца.
24 Ты, Божа, зьвядзеш іх у яму пагібельную; крыважэрныя і падступныя не пражывуць палавіны дзён сваіх. А на Цябе, Госпадзе, спадзяюся.
Псалтыр, псалом 54