1 На Цябе, Госпадзе, спадзяюся; хай ня буду вавек пасаромлены.
2 Праўдай Тваёй мяне вызвалі і выбаві; прыхілі вуха Тваё да мяне, і ўратуй мяне.
3 Будзь мне трывалым прыстанішчам, куды я заўсёды мог бы схавацца; Ты наказаў уратаваць мяне, бо цьвярдыня мая і моцнасьць мая — Ты.
4 Божа мой! вызвалі мяне з рук бязбожніка, з рук бязбожніка і прыгнятальніка.
5 Бо Ты — надзея мая, Госпадзе Божа, спадзяваньне маё зь юнацтва майго.
6 На Цябе апіраўся я быў ад улоньня; Ты вывеў мяне з чэрава маці маёй; Табе хвала мая ня спыніцца.
7 Многім я стаўся нібыта дзівам; але Ты — цьвёрдая надзея мая.
8 Няхай вусны мае хвалою напоўняцца, каб я Табе славу сьпяваў, кожны дзень апяваў Тваю веліч.
9 Не адкідай мяне на час старасьці; як пачне мая сіла слабнуць, не пакінь мяне,
10 бо ворагі мае супраць мяне змаўляюцца, і тыя, што цікуюць душу маю, — ладзяць нарады,
11 кажучы: "Бог яго кінуў; даганеце і схапеце яго; бо няма таго, хто б яго ўратаваў".
12 Божа! не аддаляйся ад мяне; Божа мой! пасьпяшайся мне на дапамогу.
13 Хай пасаромяцца і зьнікнуць супастаты душы маёй; хай сорам і ганьба пакрые тых, што зычаць мне ліха!
14 А я заўсёды буду на Цябе спадзявацца і памнажаць Тваю славу.
15 Вусны мае абвяшчацьмуць праўду Тваю, кожны дзень Твае добрыя дзеі; бо я ня ведаю ліку ім.
16 Буду славіць усемагутнасьць Госпада Бога; згадаю праўду Тваю — адзіна Тваю.
17 Божа! Ты навучаў мяне зь дзён маёй маладосьці, і да сёньня дзівосы Твае я абвяшчаю.
18 І да старасьці, і да сівізны не пакінь мяне, Божа, пакуль не абвяшчу Тваю сілу гэтаму роду і ўсім будучым магутнасьць Тваю.
19 Праўда Твая, Божа, да найвышэйшых; вялікія дзеі ўчыніў Ты; Божа, хто падобны да Цябе?
20 Ты пасылаў на мяне многія і лютыя беды, але і зноў ажыўляў мяне і зь бездані зямлі зноў выводзіў мяне.
21 Ты ўзвышаў мяне і суцяшаў мяне, і зь бездані зямлі выводзіў мяне.
22 І я буду славіць Цябе на псалтыры, Тваю праўду, Божа мой; буду Цябе апяваць на арфе, Сьвяты Ізраілеў!
23 Радуюцца вусны мае, калі я сьпяваю Табе, і душа мая, якую Ты вызваліў;
24 і язык мой кожны дзень будзе абвяшчаць праўду Тваю, бо пасаромленыя, бо паганьбёныя тыя, што ліха шукаюць мне.
Псалтыр, псалом 70