Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Выхад | 20 глава

Пераклад Васіля Сёмухі


1 І прамовіў Бог усе словы гэтыя, кажучы:
2 Я Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства;
3 хай ня будзе ў цябе іншых багоў перад абліччам Маім.
4 Не рабі сабе куміра і ніякай выявы таго, што на небе ўгары, і што на зямлі ўнізе і што ў вадзе ніжэй зямлі;
5 не пакланяйся ім і ня служы ім, бо Я Гасподзь, Бог твой, Бог руплівец, Які карае дзяцей за віну бацькоў да трэцяга і чацьвёртага роду, што ненавідзяць мяне,
6 і Які чыніць мілату тысячам родаў, што любяць Мяне і шануюць запаведзі Мае.
7 Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна, бо Гасподзь не пакіне без пакараньня таго, хто вымаўляе імя Яго марна.
8 Але памятай дзень суботні, каб сьвяціць яго;
9 шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія дзеі твае,
10 а дзень сёмы — субота Госпаду, Богу твайму: не рабі ў гэты ніякай працы ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні раб твой, ні рабыня твая, ні быдла тваё, ні прыхадзень, які ў брамах тваіх;
11 бо за шэсьць дзён стварыў Гасподзь неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх, а ў дзень сёмы спачыў; таму дабраславіў Гасподзь дзень суботні і асьвяціў яго.
12 Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.
13 Не забівай.
14 Ня чыні пералюбу.
15 Ня крадзь.
16 Не кажы ілжывага сьведчаньня на блізкага твайго.
17 Ня прагні дому блізкага твайго; ня прагні жонкі блізкага твайго, ні раба ягонага, ні рабыні ягонай, ні вала ягонага, ні асла ягонага, нічога, што ў блізкага твайго.
18 Увесь народ бачыў грымоты і полымя, і гук трубны і гару, што дымілася; і ўбачыўшы тое, народ адступіў і спыніўся спадалёк.
19 І сказалі Майсею: гавары ты з намі, і мы будзем слухаць, але каб не гаварыў з намі Бог, каб нам не памерці.
20 І сказаў Майсей народу: ня бойцеся; Бог прыйшоў, каб выпрабаваць вас і каб страх Ягоны быў перад абліччам вашым, каб вы не грашылі.
21 І стаяў народ спадалёк, а Майсей уступіў у змрок, дзе Бог.
22 І сказаў Гасподзь Майсею: так скажы сынам Ізраілевым: вы бачылі, як Я зь неба казаў вам;
23 не рабеце перад Мною багоў срэбраных, альбо багоў залатых не рабеце сабе:
24 зрабі мне ахвярнік зь зямлі і прынясі на ім цэласпаленьні твае і мірныя ахвяры твае, авечак тваіх і валоў тваіх; на кожным месцы, дзе Я ўчыню памяць імя Майго, Я прыйду да цябе і дабраслаўлю цябе;
25 калі ж будзеш рабіць Мне ахвярнік з камянёў, дык не кладзі яго з часовых, бо як толькі накладзеш на іх разец твой, дык апаганіш іх;
26 і ня ўзыходзь па прыступках да ахвярніка Майго, каб не адкрылася пры ім сарамата твая.

Выхад, 20 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.