1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
2 скажы сынам Ізраілевым, каб яны зрабілі Мне прынашэньне ад кожнага чалавека, у якога будзе руплівасьць, прымайце прынашэньне Мне.
3 Вось прынашэньні, якія вы павінны прымаць ад іх: золата, і срэбра і медзь,
4 і воўну блакітную, пурпуровую і чырванёную, і вісон, і казіную поўсьць,
5 і скуры барановыя чырвоныя, і скуры сінія, і дрэвы сітым,
6 алей у сьвяцільні, пахошчы ў алей памазаньня і дзеля пахучага каджэньня.
7 камень анікс і камяні на аздобу эфода і на нагруднік.
8 І ўладзяць яны Мне сьвятыню, і буду жыць сярод іх;
9 усё зрабеце, як Я паказваю табе, і ўзор скініі і ўзор усяго посуду яе; так і зрабеце.
10 Зрабеце каўчэг з дрэва сітым; даўжыня яго два локці з палавінаю, і шырыня яго паўтара локця, і вышыня яго паўтара локця;
11 і абкладзі яго чыстым золатам, зь сярэдзіны і звонку пакрый яго; і зрабі зьверху вакол яго залаты вянок;
12 і вылі для яго чатыры колцы залатыя і ўмацуй на чатырох ніжніх вуглах яго: два колцы з аднаго боку яго, два з другога боку яго.
13 Зрабі з дрэва сітым жэрдкі і абкладзі іх золатам;
14 і ўкладзі жэрдкі ў колцы, з бакоў каўчэга, каб з дапамогаю іх несьці каўчэг;
15 у колцах каўчэга павінны быць жэрдкі і не павінны адымацца ад яго.
16 І пакладзі ў каўчэг адкрыцьцё, якое Я дам табе.
17 Зрабі таксама вечка з чыстага золата: даўжыня яго два локці з палавінаю, а шырыня яго паўтара локця;
18 і зрабі з золата двух херувімаў: чаканнага вырабу зрабі іх на абодвух канцах вечка;
19 зрабі аднаго херувіма з аднаго краю, а другога херувіма з другога краю; пукатымі зь вечка зрабеце херувімаў на абодвух краях яго;
20 і будуць херувімы з паднятымі ўгору крыламі, пакрываючы сваімі крыламі вечка, а тварамі сваімі будуць адзін да аднаго; да вечка будуць твары херувімаў.
21 І пакладзі вечка на каўчэг згары, а ў каўчэг пакладзі адкрыцьцё, якое Я дам табе:
22 там Я буду адкрывацца табе і гутарыць з табою над вечкам, сярод двух херувімаў, якія над каўчэгам адкрыцьця, пра ўсё, што толькі буду наказваць празь цябе сынам Ізраілевым.
23 І зрабі стол з дрэва сітым, даўжынёю ў два локці, шырынёю ў локаць, а вышынёю ў паўтара локця,
24 і абкладзі яго золатам чыстым, і зрабі вакол яго залаты вянок;
25 і зрабі вакол яго сьценкі ў далоню і каля сьценак яго зрабі залаты вянок вакол;
26 і зрабі для яго чатыры колцы залатыя і ўмацуй колцы на чатырох вуглах каля чатырох ножак яго;
27 пры сьценках павінны быць колцы, каб укладваць жэрдкі, каб насіць на іх стол;
28 а жэрдкі зрабі з дрэва сітым і абкладзі іх золатам, і будуць насіць на іх гэты стол;
29 зрабі таксама для яго місы, кадзільніцы, чары і кубкі, каб паліваць зь іх: з золата чыстага зрабі іх;
30 і кладзі на стол хлябы ахвярныя прад абліччам Маім увесь час.
31 І зрабі сьвяцільню з золата чыстага; чаканная павінна быць гэтая сьвяцільня; сьцябло яе, галіны яе, чарачкі яе, яблыкі яе і кветкі яе павінны выходзіць зь яе;
32 шэсьць галін павінны выходзіць з бакоў яе: тры галіны сьвяцільні з аднаго боку яе і тры галіны зь сьвяцільні з другога боку яе;
33 тры чарачкі накшталт міндальнай кветкі, зь яблыкам і кветкамі, павінны быць на адной галіне, і тры чарачкі накшталт міндальнай кветкі, на другой галінцы, зь яблыкамі і кветкамі: так на ўсіх шасьці галінах, якія выходзяць са сьвяцільні;
34 а на сьцяблах сьвяцільні павінны быць чатыры чарачкі накшталт міндальнай кветкі зь яблыкамі і кветкамі;
35 у шасьці галін, што выходзяць са сьцябла сьвяцільні, яблык пад дзьвюма галінамі яе, і яблык пад другімі дзьвюма галінамі, і яблык пад трэцімі дзьвюма галінамі яе;
36 яблыкі і галіны іх зь яе павінны выходзіць: уся павінна быць чаканная, цэльная, з чыстага золата.
37 і зрабі да яе сем лампад, і пастаў на яе лампады яе, каб сьвяцілі на відавы бок яе;
38 і абцугі да яе і латкі да яе з чыстага золата;
39 з таланту золата чыстага хай зробяць яе з усімі гэтымі прычындаламі.
40 Глядзі, зрабі іх паводле таго ўзору, які паказаны табе на гары.
Выхад, 25 глава