1 Прароцтва пра Дамаск. — Вось, Дамаск перастане быць горадам, і будзе грудай руінаў.
2 Гарады Араэрскія будуць пакінуты, — застануцца пад статкі, якія адпачывацьмуць там, і ня будзе каму іх палохаць.
3 Ня стане цьвярдыні Яфрэмавай і царства Дамаскага з астатняю Сірыяй; зь імі будзе тое самае, што са славаю сыноў Ізраіля, кажа Гасподзь Саваоф.
4 І станецца ў той дзень: паменшыцца слава Якава, і тлустае цела ягонае схуднее.
5 Тое самае будзе, што і пасьля збору збожжа жняцом, калі рука ягоная сажне каласы, і калі зьбяруць каласы ў даліне Рэфаімскай.
6 І застануцца ў яго, як бывае пры абіваньні масьлін, дзьве-тры ягадзіны на самай вяршаліне, альбо чатыры, пяць на ўрадлівых галінах, кажа Гасподзь Бог Ізраілеў.
7 У той дзень аберне чалавек позірк свой да Творцы свайго, і вочы яго глядзецьмуць на Сьвятога Ізраілевага;
8 і ня зірне на ахвярнікі, на дзею рук сваіх, і не паглядзіць на тое, што зрабілі пальцы ягоныя, на куміраў Астарты і Ваала.
9 У той дзень умацаваныя гарады ягоныя будуць, як мясьціны ў лясах і на вяршынях гор, пакінутыя перад сынамі Ізраіля, — і ўсё запусьцеецца.
10 Бо ты забыў Бога ратунку твайго, і не ўспамінаў пра скалу прытулку твайго; таму і насадзіў сады на забавы і пасадзіў чаранкі ад чужой лазы.
11 У дзень, калі ты садзіў, ты калаціўся, каб яно расло, і каб пасеянае табою рана расьцьвіло; але ў дзень збору не багатае жніво будзе, а пакута вялікая.
12 Ды жаль! шум народаў многіх! бушуюць яны, як бушуе мора. Род плямёнаў! яны равуць, як равуць моцныя воды.
13 Равуць народы, як равуць моцныя воды; але Ён пагразіў ім, і яны далёка пабеглі, і былі гнаныя, як тло па гарах ад ветру і як пыл ад віхуры.
14 Вечар — і вось жудасьць! І да раніцы ўжо няма яе. Такая доля рабаўнікоў нашых, лёс спусташальнікаў нашых.
Кніга Прарока Ісаі, 17 глава