1 Паўстань, сьвяціся, Ерусаліме; бо прыйшло сьвятло тваё, і слава Гасподняя ўзышла над табою.
2 Бо вось, цемра пакрые зямлю, і змрок народы; а над табою зазьзяе Гасподзь, і слава Яго зьявіцца над табою.
3 І прыйдуць народы да сьвятла твайго, і цары — да зьзяньня, якое ўзыходзіць над табою.
4 Падымі вочы твае і паглядзі навокал: усе яны зьбіраюцца і ідуць да цябе: сыны твае здалёк ідуць і дачок тваіх на руках нясуць.
5 Тады ўбачыш і зарадуешся, і затрымціць і расхінецца сэрца тваё, бо багацьце мора зьвернецца да цябе, здабытак народу прыйдзе да цябе.
6 Мноства вярблюдаў пакрые цябе — драмадэры з Мадыяма і Эфы; усе яны з Савы прыйдуць, прынясуць золата і ладан і ўзьвесьцяць славу Гасподнюю.
7 Усе авечкі Кідарскія будуць сабраныя да цябе; бараны Нэваёцкія паслужаць табе: узыдуць на алтар Мой ахвяраю спадабанаю, і Я праслаўлю дом славы Маёй.
8 Хто гэта ляціць, як воблакі, і як галубы — да галубятняў сваіх?
9 Так, Мяне чакаюць выспы і наперадзе іх — караблі Фарсіскія, каб перавезьці сыноў тваіх здалёк і зь імі срэбра іхняе і золата іхняе, у імя Госпада Бога твайго і Сьвятога Ізраілевага, бо Ён праславіць цябе.
10 Тады сыны іншаземцаў будавацьмуць сьцены твае, і цары іхнія — будуць служыць табе; бо ў гневе Маім Я пабіваў цябе, а ва ўпадабаньні Маім буду мілажальны да цябе.
11 І заўсёды будуць адчынены брамы твае, зачыняцца ня будуць ні ўдзень, ні ўначы, каб прыносілі табе здабытак народаў і прыводзілі цароў іхніх.
12 Бо народ і царства, якія не захочуць служыць табе, — загінуць, і такія народы цалкавіта вынішчацца.
13 Слава Лівана прыйдзе да цябе, кіпарыс, ядловец і кедр злучацца, каб упрыгожыць месца сьвяцілішча Майго, — і Я праслаўлю падножжа ног Маіх.
14 І прыйдуць да цябе ў пакоры сыны прыгнятальнікаў тваіх, і ўпадуць да ступакоў ног тваіх усе, хто пагарджаў табою, і назавуць цябе горадам Госпада, Сіёнам Сьвятога Ізраілевага.
15 Замест таго, што ты быў пакінуты і зьненавіджаны, так што ніхто не праходзіў празь цябе, — Я зраблю цябе веліччу навекі, радасьцю ў роды родаў.
16 Ты будзеш насычацца малаком народаў, і грудзі царскія смактаць будзеш, і ўведаеш, што Я Гасподзь — Збаўца твой і Адкупнік твой, Моцны Ізраілеў.
17 Замест медзі буду дастаўляць табе золата, і замест жалеза — срэбра, і замест дрэва — медзь, і замест камянёў — жалеза; і пастаўлю кіраўніком тваім спакой і наглядчыкамі тваімі — праўду.
18 Ня чуваць будзе болей насільля ў зямлі тваёй, спусташэньня і разбурэньня — у межах тваіх; і будзеш называць сьцены твае ратункам і брамы твае — славаю.
19 Ня будзе ўжо сонца служыць табе сьвятлом дзённым, і зьзяньне месяца — сьвяціць табе; а Гасподзь будзе табе вечным сьвятлом, і Бог твой — славаю тваёю.
20 Ня зойдзе ўжо сонца тваё, і месяц твой не схаваецца, бо Гасподзь будзе табе вечным сьвятлом, і закончацца дні жальбы тваёй.
21 І народ твой увесь будзе праведны, навекі ўспадкуе зямлю, — парасьліну насаджэньня Майго, дзею рук Маіх, на праслаўленьне Маё.
22 Ад малога пойдзе тысяча, і ад самага слабога — моцны народ. Я, Гасподзь, паскору зьдзейсьніць гэта сваім часам.
Кніга Прарока Ісаі, 60 глава