1 Я адкрыўся ня тым, што пыталіся пра Мяне; Мяне знайшлі ня тыя, што штурхалі Мяне: "вось Я! вось Я!" казаў Я народу, які не называўся імем Маім.
2 Кожны дзень працягваў Я рукі Мае народу непакорліваму, што хадзіў шляхам нядобрым, паводле сваіх намыслаў,
3 народу, які пастаянна зьневажае Мяне ў твар, прыносіць ахвяры ў гаях і паліць фіміям на цэглах,
4 сядзіць у магілах і начуе ў пячорах; есьць сьвіное мяса, і агіднае варыва ў посудзе ягоным;
5 які кажа: "спыніся: не падыходзь да мяне, бо я сьвяты для цябе". Яны — дым у нос Мой, — агонь, што гарыць кожны дзень.
6 Вось, што напісана перад абліччам Маім: ня змоўчу, а аддам, аддам у нетры іх,
7 беззаконьні вашыя, кажа Гасподзь, і разам беззаконьні бацькоў вашых, якія палілі фіміям на горах, і на пагорках ганілі Мяне; і адмераю ў нутробу іхнюю ранейшыя ўчынкі іх.
8 Так кажа Гасподзь: калі ў вінаграднай гронцы ёсьць сок, тады кажуць: не пашкодзь яе, бо ў ёй добрае слаўленьне; тое самае зраблю Я і дзеля рабоў Маіх, каб ня ўсіх загубіць.
9 Я ўтвару ад Якава семя, і ад Юды — спадкаемца гор Маіх, і ўспадкуюць гэта выбранцы Мае, і рабы Мае будуць жыць там.
10 І будзе Сарон пашаю авечкам і даліна Ахор — месцам адпачынку валам народу Майго, які знайшоў Мяне.
11 А вас, якія пакінулі Госпада, забылі сьвятую гару Маю, гатуеце трапезу Гаду і распускаеце поўную чару Мне,
12 вас асуджаю Я пад меч, і ўсе вы схіліцеся на закол, бо Я клікаў — і вы не адказвалі, казаў — і вы ня слухалі, а рабілі ліхое ў вачах Маіх і выбіралі тое, што было не даспадобы Мне.
13 Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, рабы Мае будуць есьці, а вы будзеце галадаць; рабы мае будуць піць, а вы зьнемагацьмеце ад смагі;
14 рабы Мае будуць весяліцца, а вы будзеце ў сораме; рабы Мае сьпявацьмуць ад сардэчнай радасьці, а вы будзеце крычаць ад сардэчнай скрухі і галасіць ад заняпаду духу.
15 І пакінеце імя ваша выбраным Маім на пракляцьце; і заб'е цябе Гасподзь Бог, а рабоў Сваіх назаве іншым імем,
16 якім хто будзе дабраслаўляць сябе на зямлі, будзе дабраслаўляцца Богам ісьціны; і хто будзе прысягацца на зямлі, будзе прысягаць Богам ісьціны, — бо ранейшыя смуткі будуць забытыя і схаваныя ад вачэй Маіх.
17 Бо вось, Я ствараю новае неба і новую зямлю, і ранейшыя ўжо ня будуць успамінацца і ня прыйдуць на сэрца.
18 А вы будзеце весяліцца і радавацца вавекі з таго, што Я ствараю: бо вось, Я ствараю Ерусалім весялосьцю і народ яго радасьцю.
19 І буду радавацца за Ерусалім і весяліцца за народ Мой, і не пачуецца ў ім болей голасу плачу і голасу ляманту.
20 Там ня будзе болей малалетняга і старога, які не дасягнуў бы паўнаты дзён сваіх; бо стогадовы памірацьме юнаком, але стогадовы грэшнік будзе праклінацца.
21 І будуць будаваць дамы і жыць у іх, і садзіць вінаграднікі і есьці плады іх.
22 Ня будуць будаваць, каб іншы жыў, ня будуць садзіць, каб іншы еў; бо дні народа Майго будуць, як дні дрэва, і выбранцы Мае доўга будуць карыстацца вырабам рук сваіх.
23 Ня будуць працаваць марна і нараджаць дзяцей на гора; бо будуць насеньнем, дабраславёным ад Госпада, і нашчадкі іхнія зь імі.
24 І станецца, што раней чым яны паклічуць, Я адкажу; яны яшчэ будуць гаварыць, і Я ўжо пачую.
25 Воўк і ягня будуць пасьвіцца разам, і леў, як вол, будзе есьці салому, а зьмяі пыл будзе ежаю; яны ня будуць учыняць ліха і шкоды на ўсёй сьвятой гары Маёй, кажа Гасподзь.
Кніга Прарока Ісаі, 65 глава