Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Ераміі | 10 глава

Пераклад Васіля Сёмухі


1 Слухайце слова, якое Гасподзь кажа вам, доме Ізраілеў.
2 Так кажа Гасподзь: ня вучэцеся шляхам язычнікаў і ня бойцеся азнакаў нябесных, якіх язычнікі баяцца.
3 Бо статуты народаў — пустата: сьсякаюць дрэва ў лесе, абрабляюць яго рукамі цесьлі зь сякерай,
4 пакрываюць срэбрам і золатам, прымацоўваюць цьвікамі і молатам, каб ня хісталася.
5 Яны — як абчасаны слуп, і ня кажуць: іх носяць, бо хадзіць ня могуць. Ня бойцеся іх, бо яны ня могуць прычыніць ліха, але і добра рабіць ня маюць сілы.
6 Няма падобнага да Цябе, Госпадзе! Ты вялікі, і імя Тваё вялікае магутнасьцю.
7 Хто не збаіцца Цябе, Цару народаў? бо Табе аднаму належыць гэта; бо паміж усімі мудрацамі народаў і ва ўсіх царствах іх няма падобнага да Цябе.
8 Усе да аднаго яны бязглуздыя і дурныя; пустое вучэньне — гэта дрэва.
9 Расплюшчанае ў лісты срэбра прывезена з Тарсіса, золата — з Уфаза: твор мастака і рук гутніка; вопратка на іх — гіяцынт і пурпура: усё гэта — творы людзей умелых.
10 А Гасподзь Бог ёсьць ісьціна; Ён ёсьць Бог жывы і Цар вечны. Ад гневу Яго дрыжыць зямля, і народы ня могуць вытрымаць абурэньне Ягонае.
11 Так кажэце ім: багі, якія не стварылі неба і зямлі, зьнікнуць зь зямлі і з-пад нябёсаў.
12 Ён стварыў зямлю сілаю Сваёю, сьцьвердзіў сусьвет мудрасьцю Сваёю і розумам Сваім раскінуў нябёсы.
13 Па голасе Ягоным шумяць воды на нябёсах, і Ён падымае аблокі ад краёў зямлі, творыць маланкі сярод дажджу і выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх.
14 Вар'яцее кожны чалавек у сваім веданьні, сарамаціць сябе кожны гутнік балванам сваім, бо выплаўленае ім ёсьць мана, і няма ў ім духу.
15 Гэта — поўная пустата, справа аблудная; у час наведваньня іх яны зьнікнуць.
16 Не такая, як у іх, доля Якава; бо Бог яго ёсьць Творца ўсяго, і Ізраіль ёсьць жазло спадчыны Ягонай; імя Яго — Гасподзь Саваоф.
17 Прымай зь зямлі маёмасьць тваю, ты, якая маеш сядзець у аблозе;
18 бо так кажа Гасподзь: вось, Я выкіну жыхароў гэтай зямлі гэтым разам і заганю іх у цеснае месца, каб схапілі іх.
19 Гора мне ў маім смутку; пакутная рана мая, але я кажу сам сабе: "сапраўды, гэта — мая скруха, і я буду несьці яе;
20 намёт мой спустошаны і ўсе вяроўкі мае парваныя; дзеці мае пайшлі ад мяне, і няма іх: няма каму раскінуць намёта майго і разьвесіць кілімы мае;
21 бо пастыры зрабіліся бязглуздымі і ня шукалі Госпада, а таму яны і рабілі бязглузда, і ўвесь статак іхні расьсеяны".
22 Ляціць чутка: вось ён ідзе, і вялікі шум ад краіны паўночнай, каб гарады Юдэі зрабіць пустыняю, селішчамі шакалаў.
23 Ведаю, Госпадзе, што ня ў волі чалавека шлях ягоны, што не ва ўладзе хадыкі даваць кірунак ступакам сваім.
24 Карай мяне, Госпадзе, але па праўдзе, ня ў гневе тваім, каб ня прынізіць мяне,
25 вылі лютасьць Тваю на народы, якія ня ведаюць Цябе, і на плямёны, якія ня прызнаюць імя Твайго; бо яны зьелі Якава, зжэрлі яго і зьнішчылі яго і жытло ягонае спустошылі.

Кніга Прарока Ераміі, 10 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.