Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Ераміі | 3 глава

Пераклад Васіля Сёмухі


1 Кажуць: калі муж адпусьціць жонку сваю, і яна адыдзе ад яго і зробіцца жонкаю другога мужа, дык ці можа яна вярнуцца да яго? Ці не апаганілася б гэтым краіна тая? А ты з многімі палюбоўнікамі блудадзейнічала, — і аднак жа вярніся да Мяне, кажа Гасподзь.
2 Узьвядзі вочы твае ўгору і паглядзі, дзе не блудадзеялі з табою? Пры дарозе сядзела ты дзеля іх, як Аравіцянін у пустыні, і апаганіла зямлю блудам тваім і хітрынай тваёю.
3 За тое былі затрыманы дажджы, і ня было дажджу позьняга; але ў цябе быў лоб блудніцы, — ты адкінула сорам.
4 Ці ня будзеш ты з гэтага часу заклікаць да Мяне: Войча мой! Ты быў правадніком маладосьці маёй!
5 Няўжо заўсёды Ён будзе ў гневе? і няўжо вечна будзе ўтрымліваць яго ў Сабе? Вось, што кажаш ты, а робіш ліхое і посьпех маеш у ім.
6 Гасподзь сказаў мне ў дні Ёсіі цара: ці бачыў ты, што рабіла адступніца, дачка Ізраіля? Яна хадзіла на кожную высокую гару і пад кожнае галінастае дрэва, і там распусьнічала.
7 І пасьля таго, як яна ўсё гэта рабіла, Я казаў: вярніся да Мяне; але яна не вярнулася; і бачыла гэта вераломная сястра яе Юдэя.
8 І Я бачыў, што, калі за ўсе пералюбныя ўчынкі адступніцы, дачкі Ізраіля, Я адпусьціў яе і даў ёй разводны ліст, вераломная сястра яе, Юдэя, не збаялася, а пайшла і сама распусьнічала.
9 І адкрытым блудадзействам яна апаганіла зямлю, і пералюбнічала з каменем і дрэвам.
10 Але пры ўсім гэтым вераломная сястра яе Юдэя не навярнулася да Мяне ўсім сэрцам сваім, а толькі на блізір, кажа Гасподзь.
11 І сказаў мне Гасподзь: адступніца, дачка Ізраілева, аказалася з большаю праўдаю, чым вераломная Юдэя.
12 Ідзі і абвясьці словы гэтыя на поўнач, і скажы: вярніся, адступніца, дачка Ізраілева, кажа Гасподзь. Я ня вылью на вас гневу Майго; бо Я мілажальны, кажа Гасподзь, — ня вечна буду гневацца.
13 Прызнай толькі віну тваю, бо ты адступілася ад Госпада Бога твайго і распусьнічала з чужымі пад кожным галінастым дрэвам, а голасу Майго вы ня слухаліся, кажа Гасподзь.
14 Вярнецеся, дзеці-адступнікі, кажа Гасподзь, бо Я спалучыўся з вамі, і вазьму вас па адным з горада, па два зь племя, і прывяду вас на Сіён.
15 І дам вам пастыраў паводле сэрца Майго, якія будуць пасьвіць вас зь веданьнем і добрым розумам.
16 І будзе, калі вы размножыцеся і зробіцеся шматплоднымі на зямлі, у тыя дні, кажа Гасподзь, ня будуць казаць болей: "каўчэг запавету Гасподняга"; ён і не ўзгадаецца, і ня ўспомняць пра яго і ня будуць прыходзіць да яго, і яго ўжо ня будзе.
17 У той час назавуць Ерусалім тронам Госпада; і ўсе народы дзеля імя Госпада зьбяруцца ў Ерусалім і ня будуць болей рабіць з упартасьці злога сэрца свайго.
18 У тыя дні прыйдзе дом Юдаў да дому Ізраілевага, і пойдуць разам зь зямлі паўночнай у зямлю, якую Я даў у спадчыну бацькам вашым.
19 І казаў Я: як пастаўлю цябе ў лік дзяцей і дам табе жаданую зямлю, найпрыгажэйшую спадчыну мноства народаў? і сказаў: ты будзеш называць Мяне бацькам тваім і не адступішся ад Мяне.
20 Але, сапраўды, як жонка вераломна здраджвае сябру свайму, так вераломна ўчынілі са Мною вы, доме Ізраілеў, кажа Гасподзь.
21 Голас чуцен на вышынях, скрушлівы плач сыноў Ізраіля па тым, што яны скрывілі дарогу сваю, забылі Госпада Бога свайго.
22 Вярнецеся, мяцежныя дзеці: Я вылечу вашую непакорлівасьць. — Вось, мы ідзём да Цябе, бо Ты — Гасподзь Бог наш.
23 Праўда, дарма спадзяваліся мы на пагоркі і на мноства гор; праўда, у Госпадзе Богу нашым — выратаваньне Ізраіля!
24 З маладосьці нашай гэта гідота пажырала набытак бацькоў нашых, авечак іхніх і валоў іхніх, сыноў іхніх і дачок іхніх.
25 Мы ляжым у сораме сваім, і сорам наш пакрывае нас, бо мы грашылі перад Госпадам Богам нашым, — мы і бацькі нашыя, з маладосьці нашай і да гэтага дня, — і ня слухаліся голасу Госпада Бога нашага.

Кніга Прарока Ераміі, 3 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.