Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Ераміі | 30 глава

Пераклад Васіля Сёмухі


1 Слова, якое было Ерамію ад Госпада:
2 так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: напішы сабе ўсе словы, якія Я казаў табе, у кнігу,
3 бо вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі Я вярну з палону народ Мой, Ізраіля і Юду, кажа Гасподзь; і прывяду іх зноў у тую зямлю, якую даў бацькам іхнім, і яны будуць валодаць ёю.
4 І вось — тыя словы, якія сказаў Гасподзь пра Ізраіля і Юду.
5 Так сказаў Гасподзь: голас трывогі і жудасьці чуем мы, а ня міру.
6 Спытайцеся і разважце: ці родзіць мужчына? Чаму ж Я бачу ў кожнага мужчыны рукі на сьцёгнах ягоных, як у жанчыны ў родах, і твары ва ўсіх бледныя?
7 О, гора! вялікі той дзень, ня было падобнага да яго; гэта — бядотны час у Якава, але ён будзе ўратаваны ад яго.
8 І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь Саваоф: паламаю ярмо ягонае, якое на шыі тваёй, і повязі твае парву; і ня будзе ўжо служыць чужаземцам,
9 але будуць служыць Госпаду Богу свайму і Давіду свайму, якога Я пастаўлю ім.
10 І ты, рабе Мой Якаве, ня бойся, кажа Гасподзь, і не палохайся, Ізраіле; бо вось, Я ўратую цябе з далёкай краіны і племя тваё зь зямлі палону іхняга; і вернецца Якаў і будзе жыць спакойна і мірна, і ніхто ня будзе палохаць яго,
11 бо Я з табою, кажа Гасподзь, каб ратаваць цябе: Я цалкам вынішчу ўсе народы, сярод якіх расьсеяў цябе, а цябе ня зьнішчу; я буду караць цябе ў меру, але непакараным не пакіну цябе.
12 Бо так кажа Гасподзь: рана твая незагойная, пошасьць твая жорсткая;
13 ніхто не клапоціцца пра справу тваю, каб загоіць рану тваю; гаючых лекаў няма для цябе;
14 усе сябры твае забылі цябе, ня шукаюць цябе; бо Я пабіў цябе ўдарамі непрыяцельскімі, жорсткаю караю за мноства беззаконьняў тваіх, бо грахі твае памножыліся.
15 Што ты енчыш пра раны твае, пра жорсткасьць хваробы тваёй? за мноства беззаконьняў тваіх Я зрабіў табе гэта, бо грахі твае памножыліся.
16 Але ўсе, хто пажырае цябе, будуць зжэртыя; і ўсе ворагі твае — усе самі пойдуць у палон, і спусташальнікі твае будуць спустошаныя, і ўсіх рабаўнікоў тваіх аддам на рабунак.
17 Я абкладу цябе пластырам і вылечу цябе ад ранаў тваіх, кажа Гасподзь. Цябе называлі адкідам, кажучы: "вось Сіён, пра які ніхто ня пытаецца".
18 так кажа Гасподзь: вось, вярну палон намётаў Якава і селішчы ягоныя памілую, — і горад зноў будзе пабудаваны на пагорку сваім, і храм уладкуецца як раней.
19 І ўзьнясуцца зь іх падзяка і голас разьвяселеных; і Я памножу іх, і ня будуць меншыцца, і праслаўлю іх, і ня будуць прыніжаныя.
20 І сыны ягоныя будуць, як раней, і гурт ягоны будзе стаяць перад Мною, і пакараю ўсіх уціскальнікаў ягоных.
21 І будзе правадыр ягоны зь яго самога, і валадар ягоны будзе паходзіць з асяродзьдзя яго; і Я набліжу яго і ён падступіцца да Мяне; бо хто наважыцца сам па сабе наблізіцца да Мяне? кажа Гасподзь.
22 І вы будзеце Маім народам, і Я буду вам Богам.
23 Вось, лютая віхура ідзе ад Госпада, віхура грозная; яна ідзе на галаву бязбожнікаў.
24 Палымяны гнеў Госпада не адвернецца, пакуль Ён ня зьдзейсьніць і ня спраўдзіць намераў сэрца Свайго. У апошнія дні зразумееце гэта.

Кніга Прарока Ераміі, 30 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.