Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Езэкііля | 22 глава

Пераклад Васіля Сёмухі


1 І было мне слова Гасподняе:
2 і ты, сыне чалавечы, ці хочаш судзіць, судзіць горад крыві? выкажы яму ўсе гідоты ягоныя
3 і скажы: так кажа Гасподзь Бог: о, горадзе, што праліваеш кроў сярод цябе, каб настаў час твой, што робіш у сябе ідалаў, каб апаганьваць сябе!
4 Крывёю, якую ты праліў, ты зрабіў сябе вінаватым, і ідаламі, якіх ты нарабіў, ты апаганіў сябе і наблізіў дні твае і дасягнуў часу гадоў тваіх. За гэта аддам цябе на сьмех народам, на паглум ўсім землям.
5 Блізкія і далёкія ад цябе будуць глуміцца зь цябе, што ты апаганіў імя тваё, праславіўся буянствам.
6 Вось начальнікі ў Ізраіля, кожны ў меру сілы сваёй, былі ў цябе, каб праліваць кроў.
7 У цябе бацьку і маці ліхасловяць прыхадню, чыняць крыўду сярод цябе, сірату і ўдаву ўціскаюць у цябе.
8 Сьвятыняў Маіх ты не паважаеш і суботы Мае парушаеш.
9 Паклёпнікі знаходзяцца ў цябе, каб праліваць кроў, і на горах ядуць у цябе ідалаахвярнае, сярод цябе чыняць мярзоту.
10 Галізну бацькі адкрываюць у цябе, жанчыну ў час ачышчэньня нячыстасьці яе гвалцяць у цябе.
11 Той чыніць мярзоту з жонкаю блізкага свайго, той апаганьвае нявестку сваю, той гвалціць сястру сваю, дачку бацькі свайго.
12 Хабар бяруць у цябе, каб праліваць кроў; ты бярэш рост і ліхву і гвалтам вымагаеш карысьлівае ў блізкага твайго, а Мяне забыў, кажа Гасподзь Бог.
13 І вось, Я пляснуў рукамі Маімі ад карысталюбства твайго, якое выяўляецца ў цябе, і ад праліваньня крыві, якое чыніцца сярод цябе.
14 Ці ўстоіць сэрца тваё, ці будуць цьвёрдыя рукі твае ў тыя дні, у якія будуць дзеяць супроць цябе? Я, Гасподзь, сказаў — і зраблю.
15 Я расьсею цябе па народах — і разьвею цябе па землях, і пакладу канец гідотам тваім сярод цябе.
16 І зробіш сам сябе пагарджаным у вачах народаў, і ўведаеш, што Я — Гасподзь.
17 І было мне слова Гасподняе:
18 сыне чалавечы! дом Ізраілеў зрабіўся ў Мяне мяшанцам; усе яны — волава, медзь і жалеза і сьвінец у гарніле; зрабіліся, як мяшанка срэбра.
19 Таму так кажа Гасподзь Бог: як што ўсе вы зрабіліся мяшанкаю, за тое вось Я зьбяру вас у Ерусалім.
20 Як у гарніла кладуць разам срэбра, і медзь і жалеза, і сьвінец і волава, каб разьдзьмуць у іх агонь і расплавіць: так Я ў гневе Маім і ў лютасьці Маёй зьбяру і пакладу і расплаўлю вас.
21 Зьбяру вас і дыхну на вас агнём абурэньня Майго, і расплавіцеся сярод яго.
22 Як срэбра плавіцца ў гарніле, расплавіцеся і вы сярод яго, і ўведаеце, што Я, Гасподзь, выліў лютасьць Маю на вас.
23 І было мне слова Гасподняе:
24 сыне чалавечы! скажы яму: ты — зямля неачышчаная, не арашаная дажджом у дзень гневу!
25 Змова прарокаў яе сярод яе, як леў рыклівы, які турзае здабычу; зьядаюць душы, абіраюць маёмасьць і каштоўнасьці, і памнажаюць лік удоваў.
26 Сьвятары яе парушаюць закон Мой і апаганьваюць сьвятыні Мае, не аддзяляюць сьвятога ад несьвятога і не паказваюць розьніцы паміж чыстым і нячыстым, і ад суботаў Маіх яны засланілі вочы свае, і Я прыніжаны ў іх.
27 Князі ў яе як ваўкі, якія вырываюць здабычу; праліваюць кроў, глумяць душы, каб здабыць карысьць.
28 А прарокі яе ўсё пэцкаюць брудам, бачаць пустое і прадказваюць ім ілжывае, кажучы: "так кажа Гасподзь Бог", тым часам як не казаў Гасподзь.
29 А ў народзе прыгнятаюць адзін аднаго, рабуюць і ўціскаюць беднага і гаротнага, і прыхадня прыгнятаюць несправядліва.
30 Шукаў Я ў іх чалавека, які паставіў бы сьцяну і стаў бы перад Мною ў праломіне за гэтую зямлю, каб Я не загубіў яе, але не знайшоў.
31 Дык вось вылью на іх абурэньне Маё, агнём лютасьці Маёй вынішчу іх, паводзіны іхнія абярну ім на галаву, кажа Гасподзь Бог.

Кніга Прарока Езэкііля, 22 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.