Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Ня радуйся, Ізраіле, да захапленьня, як іншыя народы, бо ты блудадзейнічаеш, аддаліўшыся ад Бога твайго: любіш блудадзейныя дарункі на ўсіх гумнах.
2 Гумно і чавільня ня будзе карміць іх, і надзея на вінаградны сок ашукае іх.
3 Ня будуць яны жыць на зямлі Гасподняй: Яфрэм вернецца ў Егіпет, і ў Асірыі будуць есьці нячыстае.
4 Ня будуць ліць Госпаду віна, і не да спадобы Яму будуць ахвяры іхнія; яны будуць ім, як хлеб хаўтурны: усе, што будуць есьці яго, апаганяцца, бо хлеб іхні — для душы іхняй, а ў дом Гасподні ён ня ўвойдзе.
5 Што рабіцьмеце ў дзень урачыстасьці і ў дзень сьвята Гасподняга?
6 Бо вось, яны сыдуць з прычыны спусташэньня; Егіпет зьбярэ іх, Мэмфіс пахавае іх; каштоўнасьцямі іх з срэбра завалодае крапіва, калючае церне будзе ў намётах іхніх.
7 Прыйшлі дні наведваньня, прыйшлі дні аддачы. Хай жа ўведае Ізраіль, што дурны прадказальнік, бяз розуму той, хто выдае сябе за натхнёнага, з прычыны мноства беззаконьняў тваіх і вялікай варожасьці!
8 Яфрэм — вартаўнік каля Бога майго; прарок — сетка птушкалова на ўсіх дарогах ягоных; змуста — у доме Бога ягонага.
9 Глыбока ўпалі яны, разбэсьціліся, як за дзён Гівы; Ён успомніў бязбожнасьць іхнюю, пакарае іх за грахі іхнія.
10 Як вінаград у пустыні, Я знайшоў Ізраіля; як першую ягадзіну на смакоўніцы, у першы час яе, убачыў я бацькоў вашых, — але яны пайшлі да Ваалфэгора і аддаліся ганебшчыне, і самі зрабіліся мярзотнымі, як тыя, якіх палюбілі.
11 У Яфрэмлянаў, як птушка, паляціць слава: ні нараджэньня, ні цяжарнасьці, ні зачацьця.
12 А хоць бы яны і выхавалі дзяцей сваіх, адбяруць іх; бо гора ім, калі адыду ад іх!
13 Яфрэм, як Я бачыў яго да Тыра, пасаджаны на цудоўнай мясцовасьці; аднак Яфрэм выведзе дзяцей сваіх да забойцы.
14 Дай ім, Госпадзе... што Ты дасі ім? Дай ім вантробу няплодную і сухія саскі.
15 Усё ліха іхняе — у Галгале: там Я зьненавідзеў іх за ліхія дзеі іхнія; выганю іх з дома Майго, ня буду болей любіць іх; усе князі іхнія — адступнікі.
16 Пабіты Яфрэм; высах корань іх, — ня будуць прыносіць яны плоду, а калі і будуць радзіць, Я ўсьмерчу пахацінскі плод нутрыны іхняй.
17 Адкіне іх Бог мой, бо яны не паслухаліся Яго, — і будуць валацугамі паміж народамі.

Кніга Асіі, 9 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.