Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Амоса | 5 глава

Пераклад Васіля Сёмухі


1 Слухайце гэтае слова, у якім я падыму плач па вас, дом Ізраілеў.
2 Упала, не ўстае болей дзева Ізраілева! павалена на зямлі сваёй, і няма каму падняць яе.
3 бо так кажа Гасподзь Бог: горад, які выступаў з тысячаю, застанецца толькі з сотняю, і які выступіў з сотняю, застанецца зь дзясяткам каля дома Ізраілевага.
4 Бо так кажа Гасподзь Бог дому Ізраілеваму: знайдзеце Мяне — і будзеце жывыя.
5 Ня шукайце Вэтыля і не хадзеце ў Галгал і ў Вірсавію не вандруйце, бо Галгал увесь пойдзе ў палон і Вэтыль абернецца ў нішто.
6 Знайдзеце Госпада — і будзеце жывыя, каб Ён не памкнуўся на дом Язэпаў як агонь, які зжарэ яго, і ня будзе каму патушыць яго ў Вэтылі.
7 О вы, якія суд ператвараеце ў атруту і праўду кідаеце на зямлю!
8 Хто стварыў сямізор'е і Арыён і ператварае сьмяротны цень у ясную раніцу, а дзень робіць цёмным як ноч, заклікае воды марскія і разьлівае іх па ўлоньні зямлі? Гасподзь — імя Яму!
9 Ён мацуе спусташальніка супроць дужага, і спусташальнік уваходзіць у крэпасьць.
10 А яны ненавідзяць выкрывальніка ў браме і грэбуюць тым, хто кажа праўду.
11 Дык вось, за тое, што вы топчаце беднага і бераце зь яго дарункі хлебам, вы пабудуеце дамы з часанага каменьня, але жыць ня будзеце ў іх; разьведзяце цудоўныя вінаграднікі, а віна зь іх ня піцьмеце.
12 Бо Я ведаю, якія шматлікія злачынствы вашыя і якія цяжкія грахі вашыя: вы — ворагі справядлівага, бераце хабар і перакручваеце ў судзе справы бедных.
13 Таму разумны маўчыць гэтым часам, бо ліхі гэты час.
14 Шукайце дабра, а ня ліха, каб засталіся вы жывыя, — і тады Гасподзь Бог Саваоф будзе з вамі, як вы кажаце.
15 Зьненавідзьце зло і палюбеце дабро і аднавеце каля брамы правасудзьдзе; магчыма, Гасподзь Бог Саваоф пашкадуе рэшту Язэпавую.
16 Таму так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Усяўладны: на ўсіх вуліцах будзе плач, і на ўсіх дарогах будуць усклікаць: жаль, жаль! і заклічуць земляробы бедаваць і спанатраных у жалобных песьнях — плакаць,
17 і ва ўсіх вінаградніках будзе плач, бо Я прайду сярод Цябе, кажа Гасподзь.
18 Гора тым, якія жадаюць дня Гасподняга! Навошта вам гэты дзень Гасподні? ён — цемра, а не сьвятло, —
19 тое самае, як калі б хто ўцёк ад ільва — і трапіўся б яму насустрач мядзьведзь, альбо калі б прыйшоў дахаты і абаперся рукою аб сьцяну — і зьмяя ўкусіла б яго.
20 Хіба дзень Гасподні ня морак, а сьвятло? ён — цемра, і няма ў ім зьзяньня.
21 Ненавіджу, адкідаю сьвяты вашыя і ня нюхаю ахвяр у час урачыстых сходаў вашых.
22 Калі прынесяце Мне цэласпаленьне і хлебнае прынашэньне, Я ня прыму іх і не пагляджу на падзякавальную ахвяру з тлустых цяльцоў вашых.
23 Адвядзі ад Мяне шум песьняў тваіх, бо гукаў гусьляў тваіх Я ня буду слухаць.
24 Хай як вада цячэ суд, і праўда — як моцны паток!
25 Ці прыносілі вы Мне ахвяры і хлебныя дарункі ў пустыні ў ходзе сарака гадоў, дом Ізраілеў?
26 Вы насілі скінію Малохавую і зоркі бога вашага Рэмфана, выявы, якія вы сабе зрабілі.
27 За тое Я перасялю вас за Дамаск, кажа Гасподзь; Бог Саваоф — імя Яму!

Кніга Амоса, 5 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.