1 На трэйці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і Маці Ісусава была там.
2 Быў таксама запрошаны Ісус і вучні Ягоныя на вясельле.
3 І як нехапала віна, дык Маці Ісусава кажа Яму: віна няма ў іх.
4 Ісус кажа Ёй: што Мне і Табе, жанчына? яшчэ ня прыйшла гадзіна Мая.
5 Маці Ягоная сказала слугам: што скажа Ён вам, тое і зрабеце.
6 А было там шэсьць каменных посудаў на ваду, якія стаялі паводле звычаю ачышчэньня Юдэйскага, умяшчаючы ў сябе па дзьве ці па тры меры.
7 Ісус кажа ім: напоўніце посуды вадою. І напоўнілі іх па бераг.
8 І кажа ім: цяпер чэрпайце і нясеце да распарадчыка вясельля. І панесьлі.
9 А калі распарадчык скаштаваў вады, якая зрабілася віном, — а ён ня ведаў, адкуль гэтае віно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду, — тады распарадчык кліча маладога
10 і кажа яму: кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі паўпіваюцца, тады горшае; а ты добрае віно зьбярог дагэтуль.
11 Так заклаў Ісус пачатак цудаў у Кане Галілейскай і зьявіў славу Сваю; і ўверавалі ў Яго вучні Ягоныя.
12 Пасьля гэтага прыйшоў Ён у Капернаум, Сам і Маці Ягоная, і браты Ягоныя і вучні Ягоныя, і прабылі там няшмат дзён.
13 Набліжалася Пасха Юдэйская, і Ісус прыйшоў у Ерусалім
14 і знайшоў, што ў храме прадавалі валоў, авечак і галубоў, і сядзелі мяняйлы грошай.
15 І зрабіўшы бізун зь вяровак, выгнаў з храма ўсіх, і авечак і валоў таксама, і грошы ў мяняйлаў рассыпаў, а сталы іхнія абярнуў;
16 І сказаў прадаўцам галубоў: вазьмеце гэта адсюль, і з дома Айца Майго не рабеце дома гандлёвага.
17 Пры гэтым вучні Ягоныя прыгадалі, што напісана: "рупнасьць за дом Твой зьядае Мяне".
18 На гэта Юдэі сказалі Яму ў адказ: якою азнакаю дакажаш Ты нам, што маеш уладу так рабіць?
19 Ісус сказаў ім у адказ: разбурце храм гэты, і Я за тры дні ўзьвяду яго.
20 На гэта сказалі Юдэі: гэты храм будаваўся сорак шэсьць гадоў, і Ты за тры дні ўзьвядзеш яго?
21 А Ён казаў пра храм Цела Свайго.
22 А калі ўваскрэс Ён зь мёртвых, дык вучні Ягоныя ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісаньню і слову, якое сказаў Ісус.
23 І калі Ён быў у Ерусаліме на сьвяце Пасхі, дык многія, бачачы цуды, якія Ён тварыў, паверылі ў імя Ягонае.
24 Але Сам Ісус не давяраў Сябе ім, бо ведаў усіх,
25 і ня меў патрэбы, каб хто засьведчыў пра чалавека; бо Сам ведаў, што ў чалавеку.
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце, 2 глава