Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Паводле Яна | 9 глава

Пераклад Васіля Сёмухі


1 І праходзячы, угледзеў чалавека, сьляпога ад роду.
2 Вучні Ягоныя спыталіся ў Яго: Равьві! хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ўрадзіўся сьляпы?
3 Ісус адказваў: не зграшыў ні ён, ні бацькі ягоныя, але гэта на тое, каб на ім выявіліся дзеі Божыя;
4 Мне належыць чыніць дзеі Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль ёсьць дзень; прыйдзе ноч, калі ніхто ня можа чыніць;
5 пакуль Я ў сьвеце, Я — сьвятло сьвету.
6 сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў гразь са сьліны і памазаў гразёю вочы сьляпому,
7 і сказаў яму: ідзі, умыйся ў купальні Сілоам, што азначае: пасланы. Той пайшоў і ўмыўся, і вярнуўся відушчы.
8 Тут суседзі і тыя, што раней бачылі яго сьляпога, казалі: ці ня той гэта, які сядзеў і прасіў міласьціны?
9 Некаторыя казалі: гэта ён. А некаторыя: падобны на яго. Ён казаў: гэта я.
10 Тады пыталіся ў яго: як адкрыліся ў цябе вочы?
11 Ён сказаў у адказ: чалавек, Якога завуць Ісус, зрабіў гразь, памазаў вочы мае і сказаў мне: "ідзі ў купальню Сілоам і ўмыйся". Я пайшоў, умыўся і зрабіўся відушчы.
12 Тады сказалі яму: дзе Ён? Ён адказаў: ня ведаю.
13 Павялі гэтага былога сьляпца да фарысэяў.
14 А была субота, калі Ісус зрабіў гразь і адамкнуў яму вочы.
15 Спыталіся ў яго і фарысэі таксама, як ён відушчы зрабіўся. Ён ім сказаў: гразь паклаў Ён на мае вочы, і я ўмыўся, і бачу.
16 Тады некаторыя фарысэі казалі: не ад Бога Гэты Чалавек, бо не шануе суботы. Іншыя казалі: як можа чалавек грэшны тварыць такія цуды? і паўстала між імі нязгода.
17 Зноў кажуць сьляпому: ты што скажаш пра Яго, бо Ён адамкнуў табе вочы? Ён сказаў: гэта прарок.
18 Тады Юдэі не паверылі, што быў ён сьляпы і зрабіўся відушчы, пакуль не паклікалі бацькоў гэтага ўжо відушчага
19 і спыталіся ў іх: ці гэта сын ваш, пра якога вы кажаце, што нарадзіўся сьляпы? Як жа ён цяпер бачыць?
20 Бацькі ягоныя сказалі ім у адказ: мы ведаем, што гэта сын наш і што ён нарадзіўся сьляпы;
21 а чаму цяпер бачыць, ня ведаем, ці хто адамкнуў яму вочы, мы ня ведаем: сам у сталых гадах, у самога спытайце, хай сам пра сябе скажа.
22 Так адказвалі бацькі ягоныя, таму што баяліся Юдэяў; бо Юдэі змовіліся ўжо, каб, хто прызнае Яго за Хрыста, таго адлучаць ад сынагогі;
23 вось таму бацькі ягоныя і сказалі: ён у сталых гадах, у самога спытайце.
24 І вось, другі раз паклікалі чалавека, які быў сьляпы, і сказалі яму: узьнясі хвалу Богу; мы ведаем, што Чалавек Той — грэшнік.
25 Ён сказаў ім у адказ: ці грэшнік Ён, ня ведаю; адно ведаю, што быў я сьляпы, а цяпер бачу.
26 Зноў спыталіся ў яго: што зрабіў Ён з табою? як адамкнуў твае вочы?
27 адказваў ім: я ўжо сказаў вам, і вы ня слухалі; што яшчэ хочаце пачуць? альбо і вы хочаце зрабіцца Ягонымі вучнямі?
28 А яны дакаралі яго і сказалі: ты вучань Ягоны, а мы Майсеевыя вучні;
29 мы ведаем, што з Майсеем гаварыў Бог, а Гэтага ня ведаем, адкуль Ён.
30 Чалавек відушчы сказаў ім у адказ: гэта якраз і дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль Ён, а Ён адамкнуў мне вочы.
31 Але мы ведаем, што грэшнікаў Бог ня слухае, а хто шануе Бога і выконвае волю Ягоную, таго слухае:
32 спрадвеку ня чулі, каб хто адамкнуў вочы таму, хто ўрадзіўся сьляпы;
33 калі б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы тварыць нічога.
34 Сказалі яму ў адказ: у грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты нас яшчэ вучыш? І выгналі яго прэч.
35 Ісус, пачуўшы, што выгналі яго прэч, і знайшоўшы яго, сказаў яму: ці верыш ты ў Сына Божага?
36 Ён адказваў і сказаў: а хто Ён, Госпадзе, каб мне верыць у Яго?
37 Ісус сказаў яму: і бачыў ты Яго, і Ён гаворыць з табою.
38 А ён сказаў: веру, Госпадзе! І пакланіўся Яму.
39 І сказаў Ісус: на суд прыйшоў Я ў сьвет гэты, каб нявідушчыя бачылі, а відушчыя асьлеплі.
40 Пачуўшы гэта, некаторыя фарысэі, што былі зь Ім, сказалі Яму: няўжо і мы сьляпыя?
41 Ісус сказаў ім: калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б на сабе грэху; але як што вы кажаце, што бачыце, дык грэх застаецца на вас.

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце, 9 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.