1 Калі яны прамаўлялі да людзей, да іх падступіліся сьвятары і начальнікі варты пры храме і садукеі,
2 угневаныя, што яны вучаць людзей і прапаведуюць у Ісусе ўваскрэсеньне зь мёртвых.
3 і наклалі на іх рукі і аддалі іх пад варту да раніцы; бо ўжо зьвечарэла.
4 Многія з тых, што слухалі слова, уверавалі; і было такіх людзей лікам каля пяці тысяч.
5 На другі дзень сабраліся ў Ерусаліме начальнікі іхнія і старэйшыны і кніжнікі,
6 і Анна першасьвятар і Каяфа і Ян і Аляксандр і іншыя з роду першасьвятарскага,
7 і, паставіўшы іх пасярэдзіне, пыталіся: якою сілаю альбо якім імем вы зрабілі гэта?
8 Тады Пётр, прасякнуты Духам Сьвятым, сказаў ім: начальнікі людзкія і старэйшыны Ізраільскія!
9 калі ў нас пытаюцца сёньня адказу за дабрачынства чалавеку нядужаму, як ён здаровы стаўся,
10 дык хай будзе вядома ўсім вам і ўсяму народу Ізраільскаму, што імем Ісуса Хрыста Назарэя, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрэсіў зь мёртвых, Ім пастаўлены ён перад вамі здаровы:
11 Ён — камень, пагарджаны вамі будаўнікамі, але ён зрабіўся галавою вугла, і няма ні ў кім іншым ратунку;
12 бо няма другога імя пад небам, дадзенага людзям, якім належала б нам уратавацца.
13 Убачыўшы адвагу Пятра і Яна і зьмеціўшы, што яны людзі някніжныя і простыя, яны зьдзіўляліся; тым часам пазнавалі іх, што былі яны зь Ісусам;
14 але бачачы ацаленага чалавека, які стаяў зь імі, нічога сказаць не маглі насуперак.
15 І, загадаўшы ім выйсьці з сынедрыёна, раіліся паміж сабою,
16 кажучы: што нам зрабіць з гэтымі людзьмі? бо ўсім, хто жыве ў Ерусаліме, вядома, што яны ўчынілі на яве цуд, і мы ня можам аспрэчыць гэтага;
17 але, каб больш не раскрылася гэта ў народзе, з пагрозай забаронім ім, каб не казалі пра імя гэтае нікому зь людзей.
18 І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не прапаведаваць і ня вучыць у імя Ісуса.
19 Але Пётр і Ян сказалі ім у адказ: памяркуйце, ці справядліва перад Богам — слухацца вас болей, чым Бога?
20 Мы ня можам не гаварыць пра тое, што бачылі і чулі.
21 А тыя, прыстрашыўшы, адпусьцілі іх, не знайшоўшы магчымасьці пакараць іх, з прычыны людзей, бо ўсе славілі Бога за тое, што адбылося;
22 бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, зь якім сталася гэтае дзіва выздараўленьня.
23 Адпушчаныя, яны прыйшлі да сваіх і пераказалі, што казалі ім першасьвятары і старэйшыны.
24 А яны, выслухаўшы, аднадушна ўзвысілі голас да Бога і сказалі: Валадару Божа, Які стварыў неба і зямлю і мора і ўсё, што ў іх!
25 Ты вуснамі бацькі нашага Давіда, раба Твайго, сказаў праз Духа Сьвятога: "чаго бунтуюць язычнікі, і народы намышляюць марнасьць?
26 Паўсталі цары зямныя, і князі сабраліся разам супраць Госпада і супраць Хрыста Яго,
27 бо сапраўды сабраліся ў горадзе гэтым супраць Сьвятога Сына Твайго Ісуса, памазанца Твайго, Ірад і Понцій Пілат зь язычнікамі і народам Ізраільскім,
28 каб зрабіць тое, чаму быць наканавала рука Твая і рада Твая.
29 І сёньня, Госпадзе, глянь на пагрозы іхнія і дай рабам Тваім з усёй сьмеласьцю гаварыць слова Тваё,
30 тады як Ты прасьціраеш руку Тваю на гаеньне і на тварэньне азнакаў і цудаў імем Сьвятога Сына Твайго Ісуса.
31 І, як памаліліся, здрыганулася месца, дзе яны былі сабраліся, і ўсе прасякнуліся Духам Сьвятым і абвяшчалі слова Божае сьмела.
32 А ў мноства людзей, што ўверавалі, было адно сэрца і адна душа; і ніхто нічога з дастаткаў сваіх не называў сваім, а ўсё ў іх было супольнае.
33 Апосталы зь вялікаю сілай сьведчылі пра ўваскрэсеньне Госпада Ісуса Хрыста; вялікая мілата была на ўсіх іх.
34 Ня было сярод іх анікога ў нястачы; бо ўсе, хто валодаў землямі альбо дамамі, прадаючы іх, прыносілі грошы ад продажу
35 і клалі да ног апосталаў; і кожнаму давалася, у чым хто меў патрэбу.
36 Так Ёсія, празваны апосталамі Варнавам, — што азначае "сын суцяшэньня", лявіт, родам Кіпрэец,
37 у якога была свая зямля, прадаўшы яе, прынёс грошы і паклаў да ног апосталаў.
Дзеі Апосталаў, 4 глава