Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другі Закон | 28 глава

Пераклад Васіля Сёмухі


1 Калі ты, як пяройдзеце Ярдан, будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, старанна выконваць усе запаведзі Ягоныя, якія наказваю табе сёньня, дык Гасподзь, Бог твой, паставіць цябе вышэй за ўсе народы зямлі;
2 і сыдуць на цябе ўсе дабраславеньні гэтыя і спраўдзяцца на табе, калі будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго.
3 Дабраславёны ты ў горадзе і дабраславёны ў полі.
4 Дабраславёны плод чэрава твайго і плод зямлі тваёй, і плод быдла твайго, і плод тваіх валоў, і плод авечак тваіх.
5 Дабраславёныя засекі твае і кладоўкі твае.
6 Дабраславёны ты пры ўваходзе тваім і дабраславёны ты пры выхадзе тваім.
7 Пабэе перад табою Гасподзь ворагаў тваіх, якія паўстаюць на цябе; адною дарогаю яны выступяць супроць цябе, а сямю дарогамі пабягуць ад цябе.
8 Пашле Гасподзь табе дабраславеньне ў засеках тваіх і ва ўсякай дзеі рук тваіх; і дабраславіць цябе на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.
9 Паставіць цябе Гасподзь народам Сваім, як Ён запрысягаўся табе, калі ты будзеш шанаваць запаведзі Госпада, Бога твайго, і будзеш хадзіць шляхамі Ягонымі;
10 і ўбачаць усе народы зямлі, што імя Госпада накладаецца на цябе, і будуць баяцца цябе.
11 І дасьць табе Гасподзь надмер ва ўсіх дабротах, у плодзе ўлоньня твайго і ў плодзе быдла твайго і ў плодзе палёў тваіх на зямлі, даць якую табе Гасподзь запрысягаўся бацькам тваім.
12 Адкрые табе Гасподзь добрую скарбніцу Сваю, неба, каб яно давала дождж зямлі тваёй у свой час, і каб дабраслаўляць усе дзеі рук тваіх: і будзеш пазычаць многім народам, а сам ня будзеш запазычвацца.
13 Зробіць цябе Гасподзь галавою, а не хвастом, і будзеш толькі на вышыні, і ня будзеш унізе, калі будзеш слухацца запаведзяў Госпада, Бога твайго, якія наказваю табе сёньня шанаваць і выконваць.
14 І не адступішся ад усіх слоў, якія наказваю вам сёньня, ні направа, ні налева, каб пайсьці сьледам за іншымі багамі і слугаваць ім.
15 А калі ня будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, і ня будзеш старацца выконваць усе запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я наказваю табе сёньня, дык прыйдуць на цябе ўсе праклёны гэтыя і дастануць цябе.
16 Пракляты ты будзеш у горадзе і пракляты ты будзеш у полі.
17 Праклятыя будуць засекі твае і кладоўкі твае.
18 Пракляты будзе плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, плод тваіх валоў і плод авечак тваіх.
19 Пракляты ты будзеш пры ўваходзе тваім і пракляты пры выхадзе тваім.
20 Пашле Гасподзь на цябе праклён, затлуму і няшчасьце ва ўсякай дзеі рук тваіх, якую пачнеш рабіць, пакуль ня будзеш зьнішчаны, — і ты неўзабаве загінеш за ліхія дзеі твае, за тое, што ты пакінуў Мяне.
21 Пашле Гасподзь на цябе згубную пошасьць, пакуль ня вынішчыць Ён цябе зь зямлі, у якую ты ідзеш, каб валодаць ёю.
22 Паб'е цябе Гасподзь сухотамі, гарачкаю, трасцаю, запаленьнем, засухаю, палючым ветрам ды іржою, і яны будуць перасьледаваць цябе, пакуль не загінеш.
23 І нябёсы твае, якія над галавою тваёю, зробяцца медзьдзю, і зямля пад табою жалезам;
24 замест дажджу Гасподзь дасьць зямлі тваёй пыл, і попел зь неба будзе падаць, падаць на цябе, пакуль ня будзеш зьнішчаны.
25 Аддасьць цябе Гасподзь на паразу ворагам тваім; адною дарогаю выступіш супроць іх, а сямю дарогамі пабяжыш ад іх; і будзеш расьсеяны па ўсіх царствах зямлі.
26 І будуць трупы твае ежаю ўсім птушкам нябесным і зьвярам, і ня будзе каму адагнаць іх.
27 Паб'е цябе Гасподзь праказаю Егіпецкаю, пранцамі, каростаю і сьвербам, ад якіх ты ня зможаш вылечыцца;
28 паб'е цябе Гасподзь варэяцтвам, сьлепатою і дранцьвеньнем сэрца,
29 і ты хадзіцьмеш навобмацак апалудні, як сьляпы навобмацак ходзіць поначы, і ня мецьмеш посьпеху на дарогах тваіх, і будуць уціскаць і крыўдзіць цябе штодня, і ніхто не абароніць цябе.
30 З жонкаю заручышся, і іншы будзе спаць зь ёю; дом пабудуеш, і ня жыцьмеш у ім; вінаграднік пасадзіш і ня будзеш карыстацца ім.
31 Вала твайго заколюць на вачах у цябе, і ня будзеш есьці яго; асла твайго зьвядуць ад цябе і ня вернуць табе; авечкі твае аддадзены будуць ворагам тваім, і ніхто не абароніць цябе.
32 Сыны твае і дочкі твае аддадзены будуць іншаму народу; вочы твае будуць бачыць і кожны дзень будуць кволець, і ня будзе сілы ў руках тваіх.
33 Плады зямлі тваёй і ўсю працу тваю будзе есьці народ, якога ты ня ведаў; і цябе будуць толькі ўціскаць і мучыць усе дні.
34 І страціш розум ад таго, што пабачаць вочы твае.
35 Паб'е цябе Гасподзь ліхою праказаю на каленях і на галенях, ад якой ты ня зможаш вылечыцца, ад падэшвы нагі тваёй да самага цемені галавы тваёй.
36 Завядзе Гасподзь цябе і цара твайго, якога ты паставіш над сабою, да народу, якога ня ведаў ні ты, ні бацькі твае, і там служыцьмеш іншым багам, драўняным і каменным;
37 І будзеш жудасьцю, прытчаю і пасьмешышчам усім народам, да якіх завядзе цябе Гасподзь.
38 Насеньня многа вынесеш у поле, а зьбярэш мала, бо паесьць іх саранча.
39 Вінаграднікі будзеш садзіць і ўрабляць, а віна ня піцьмеш і не зьбярэш пладоў, бо паесьць іх чарвяк.
40 Масьліны будуць у цябе ва ўсіх межах тваіх, але алеем не памажашся, бо асыплецца масьліна твая.
41 Сыноў і дочак народзіш, але іх ня будзе ў цябе, бо пойдуць у палон.
42 Усе дрэвы твае і плады зямлі тваёй загубіць іржа.
43 Прыхадзень, які сярод цябе, будзе ўзносіцца над табою вышэй і вышэй, а ты апускацца будзеш ніжэй і ніжэй;
44 ён будзе пазычаць табе, а ты ня будзеш пазычаць яму; ён будзе галавою, а ты будзеш хвастом.
45 І прыйдуць на цябе ўсе праклёны гэтыя і будуць перасьледаваць цябе, пакуль ня будзеш вынішчаны, за тое, што ты ня слухаўся голасу Госпада, Бога твайго, і не захоўваў запаведзяў Ягоных і пастановаў Ягоных, якія Ён наказаў табе:
46 яны будуць азнакаю і доказам на табе і на семені тваім вавек.
47 За тое, што ты ня служыў Госпаду, Богу твайму, з радасьцю і дабрынёю сэрца, пры надмеры ўсяго,
48 будзеш служыць ворагу твайму, якога пашле на цябе Гасподзь, у голадзе і ў смазе, і галізьне і ва ўсякай нястачы; ён накладзе на шыю тваю жалезнае ярмо, так што змучыць цябе.
49 Пашле на цябе Гасподзь народ здалёку, ад краю зямлі: як арол, мовы якога ты не разумееш,
50 народ нахабны, які ня ўважыць старому і не пашкадуе маладога;
51 і есьціме ён плод быдла твайго і плод зямлі тваёй, пакуль ня спустошыць цябе, так што не пакіне табе ні хлеба, ні віна, ні алею, ні плоду валоў тваіх, ні плоду авечак тваіх, пакуль не загубіць цябе;
52 і ўціскацьме цябе ва ўсіх селішчах тваіх, пакуль на ўсёй зямлі тваёй не разбурыць высокіх і моцных муроў тваіх, на якія ты спадзяешся; і ўціскацьме цябе ва ўсіх селішчах тваіх, на ўсёй зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, даў табе.
53 І ты есьцімеш плод чэрава твайго, плод сыноў тваіх і дочак тваіх, якіх Гасподзь, Бог твой, даў табе, у аблозе і ва — ціску, у якім уцісьне цябе вораг твой.
54 Чалавек сьпешчаны, які жыў сярод вас у вялікай раскошы, зайздросьлівым вокам будзе глядзець на брата свайго, на любасную жонку сваю і на астатніх дзяцей сваіх, якія застануцца ў яго,
55 і ня дасьць ніводнаму зь іх плоці дзяцей сваіх, якіх ён будзе есьці, бо ў яго не застанецца нічога ў аблозе і ва ўціску, у якім уцісьне цябе вораг твой ва ўсіх селішчах тваіх.
56 Жанчына, якая жыла ў цябе ў песьце і раскошы, якая ніколі нагі сваёй ня ставіла на зямлю з прычыны раскошы і сьпешчанасьці сваёй, будзе зайздросьлівым вокам глядзець на любаснага мужа свайго і на сына свайго і на дачку сваю
57 і ня дасьць пасьледу, што выходзіць спаміж ног у яе, і дзяцей, якіх яна народзіць; бо яна, пры нястачы ва ўсім, таемна есьціме іх, у аблозе і ва ва ўціску, у якім уцісьне цябе вораг твой у селішчах тваіх.
58 Калі ня будзеш старацца выконваць усе словы закона гэтага, напісаныя ў кнізе гэтай, і ня будзеш баяцца славутага і страшнага імя Госпада, Бога твайго,
59 дык Гасподзь пабэе цябе і нашчадкаў тваіх нязвычайнымі пошасьцямі, пошасьцямі вялікімі пастаяннымі, і хваробамі ліхімі і пастаяннымі;
60 і навядзе на цябе ўсе пошасьці Егіпецкія, якіх ты баяўся, і яны прыліпнуць да цябе;
61 і ўсякую хваробу і ўсякую пошасьць не напісаную ў кнізе закона гэтага Гасподзь навядзе на цябе, пакуль ня будзеш вынішчаны;
62 і застанецца вас нямнога, тым часам калі ў мностве вы былі падобныя да зорак нябесных, бо ты ня слухаўся голасу Госпада, Бога твайго.
63 І як радаваўся Гасподзь робячы вам дабро і памнажаючы вас, губячы вас і зьнішчаючы вас, і выкінутыя будзеце зь зямлі, у якую ты ідзеш, каб валодаць ёю.
64 І расьсее цябе Гасподзь па ўсіх народах, ад краю зямлі да краю зямлі, і будзеш там служыць іншым багам, якіх ня ведаў ні ты, ні бацькі твае, дрэву і камяням.
65 Але і сярод гэтых народаў не супакоішся і ня будзе месца спакою назе тваёй, і Гасподзь дасьць табе там баязьлівае сэрца, цьмяныя вочы і зьнемажэньне душы;
66 жыцьцё тваё вісецьме перад табою, і будзеш дрыжаць уначы і ўдзень і ня будзеш пэўны за жыцьцё тваё;
67 ад дрыжаньня сэрца твайго, якім ты будзеш ахоплены, і ад таго, што будзеш бачыць вачыма тваімі, раніцай ты скажаш: "о, калі б зьвечарэла!", а ўвечары скажаш: "о, калі б разьвіднела!".
68 І верне цябе Гасподзь у Егіпет на караблях той дарогаю, пра якую я сказаў табе: "больш ты ня ўбачыш яе"; і там будзеце прадавацца ворагам вашым у рабоў і ў рабыняў, і ня будзе пакупца.

Другі Закон, 28 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.