1 Ці не пачаць нам нанава знаёміцца з вамі? Няўжо патрэбныя нам, як некаторым, пахвальныя лісты да вас альбо ад вас?
2 Вы — нашае пісьмо, напісанае ў сэрцах нашых, пазнаванае і чытанае ўсімі людзьмі;
3 вы паказваеце сабою, што вы — пісьмо Хрыстовае, праз служэньне наша напісанае не чарнілам, а Духам Бога Жывога, не на скрыжалях каменных, а на плоцкіх скрыжалях сэрца.
4 Такую пэўнасьць мы маем у Богу праз Хрыста,
5 не таму, што мы самі здольныя былі вымысьліць нешта ад сябе, як бы ад сябе, а здольнасьць нашая ад Бога;
6 Ён даў нам здольнасьць быць слугамі Новага Запавету, ня літары, а Духа, бо літара забівае, а Дух творыць жыцьцё.
7 Калі ж служэньне сьмерці, сьмертаносным літарам, выразанае на камянях, было такое слаўнае, што сыны Ізраіля не маглі глядзець на аблічча Майсеевае з прычыны мінушчае славы аблічча ягонага,
8 дык наколькі ж большае павінна быць служэньне Духа ў славе!
9 Бо калі служэньне асуджэньня — слава, дык тым больш пераважае ў славе служэньне апраўданьня.
10 Тое праслаўленае нават ня мае ўжо славы з гэтага боку, з прычыны большае славы наступнага.
11 Бо, калі мінушчае слаўнае, дык болей слаўнае тое, што застаецца жыць.
12 Маючы такую надзею, мы дзейнічаем зь вялікай адвагаю,
13 а ня так, як Майсей, які клаў покрыва на аблічча сваё, каб сыны Ізраіля не глядзелі на канец мінушчага.
14 Але розум іхні асьлеплены: бо тое самае покрыва дагэтуль застаецца нязьнятае пры чытаньні Новага Запавету, бо здымаецца яно Хрыстом.
15 Дагэтуль, калі яны чытаюць Майсея, покрыва ляжыць на сэрцы іхнім;
16 але калі зьвяртаюцца да Госпада, тады гэта покрыва здымаецца.
17 Гасподзь ёсьць Дух; а дзе Дух Гасподні, там свабода.
18 А мы ўсе, як у люстры, гледзячы на славу Гасподнюю, зьмяняемся ў той самы вобраз са славы ў славу, як з Гасподняга Духа.
Другое пасланьне да Карынфянаў, 3 глава