1 Паведамляем вам, браты, пра мілату Божую, дадзеную цэрквам Македонскім;
2 бо яны сярод вялікіх выпрабаваньняў нягодамі маюць шмат радасьці, і глыбокая галеча іхняя разьліваецца бяз краю ў шчодрасьці іхняй гасьціннасьці;
3 бо яны зычлівыя па сіле і па-над сіламі — я сьведка:
4 яны вельмі пераканаўча прасілі нас прыняць дар і ўдзел іхні ў служэньні сьвятым;
5 і ня толькі тое, на што мы спадзяваліся, але яны аддалі саміх сябе найперш Госпаду, потым і нам з волі Божае;
6 таму мы прасілі Ціта, каб ён, як быў пачаў, так і скончыў у вас і гэтую добрую дзею.
7 А як што вы перапоўненыя ўсім: вераю і словам, і пазнаньнем і ўсякай руплівасьцю, і любоўю вашаю да нас, — дык прасякнецеся ж і гэтаю дабрачыннасьцю.
8 Кажу гэта не як загад, а дбаньнем іншых выпрабоўваю шчырасьць і вашай любові.
9 Бо ведаеце вы мілату Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, будучы багаты, зьбяднеў дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягонай беднасьцю.
10 Я даю на гэта раду: бо гэта карысна вам, вы ня толькі пачалі рабіць гэта, але і жадалі таго яшчэ зь леташняга.
11 Завяршэце ж цяпер самую дзею, каб, чаго так моцна прагнулі, тое і зроблена было па магчымасьці.
12 Бо, калі ёсьць руплівасьць, дык яна прымаецца залежна ад таго, хто мае, а не ад таго, чаго ня мае.
13 Тут трэба, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб была роўнасьць.
14 Сёньня ваш дастатак на пакрыцьцё іхняй нястачы; а пасьля іх дастатак на пакрыцьцё вашай нястачы, каб была роўнасьць,
15 як напісана: "хто сабраў многа, ня меў лішняга, і хто — мала, ня меў нястачы".
16 Дзякаваць Богу, што Ён уклаў у Цітава сэрца такую руплівасьць пра вас;
17 бо, хоць я і прасіў яго, але ён, будучы занадта руплівы, пайшоў да вас з добрае волі.
18 Зь ім паслалі мы таксама брата, якога ва ўсіх цэрквах многа хваляць за зьвеставаньне,
19 і пры гэтым выбранага ад цэркваў у спадарожнікі нам для гэтага добрага пачынаньня, якому мы служым у славу Самога Госпада і ў згодзе з руплівасьцю вашай,
20 асьцерагаючыся, каб хто не наракаў на нас пры такой шчодрасьці прынашэньняў, якія давераны нашаму служэньню;
21 бо мы дбаем за дабро ня толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.
22 Мы паслалі зь імі і брата нашага, чыю руплівасьць шмат разоў праверылі ў многім, і які сёньня яшчэ руплівейшы празь вялікі давер да вас.
23 Што да Ціта, гэта — мой сябар і супрацоўнік у вас; а што да братоў нашых, гэта — пасланцы цэркваў, слава Хрыстова.
24 Дык вось, перад абліччам цэркваў дайце ім доказ любові вашай і таго, што мы справядліва ганарымся вамі.
Другое пасланьне да Карынфянаў, 8 глава