1 Дык стойце ж у свабодзе, якую даў нам Хрыстос, і ня схіляйцеся зноў пад ярмо рабства.
2 Вось, я, Павал, кажу вам: калі вы абразаецеся, ня будзе вам ніякае карысьці ад Хрыста.
3 Яшчэ сьведчу кожнаму чалавеку, які абразаецца, што ён павінен выконваць увесь закон.
4 Вы, хто апраўдвае сябе законам, засталіся бяз Хрыста, адпаліся ад мілаты,
5 а мы духам чакаем і спадзяёмся на праведнасьць ад веры;
6 бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ні абразаньне, ні неабразаньне, а вера, якая дзее празь любоў.
7 Вы ішлі хораша: хто спыніў вас, каб вы не скараліся ісьціне?
8 Такое перакананьне не ад Таго, Хто заклікае вас.
9 Каліва закваскі расчыняе ўсё цеста.
10 Я пэўны за вас у Госпадзе, што вы ня будзеце думаць іначай; а той, хто змушчае вас, хто б ён ні быў, панясе на сабе асуду.
11 За што ж гоняць мяне, браты, калі я і цяпер прапаведую абразаньне? Тады ганьба крыжа спынілася б.
12 О, калі б выдаліць тых, якія баламуцяць вас!
13 Да вольнасьці закліканы вы, браты, толькі вольнасьць ваша ня была б повадам дагаджаць плоці; а любоўю служэце адно аднаму.
14 Бо ўвесь закон у адзін сказ укладваецца: "любі блізкага твайго, як самога сябе".
15 Калі ж паміж сабою грызяцеся і ясьце адно аднаго, дык глядзеце, каб не панішчылі вы адно аднаго.
16 Я кажу: рабеце паводле Духа, і вы ня будзеце паддавацца пажадзе плоці;
17 бо плоць жадае супраціўнага Духу, а Дух — супраціўнага плоці: яны адно аднаму супрацівяцца, так што вы ня тое робіце, чаго хацелі б.
18 Калі ж вас Дух водзіць, дык вы не пад законам.
19 Дзеі плоці вядомыя; вось яны: пералюбства, блуд, нечыстата, непатрэбства,
20 ідаласлужэньне, чарадзейства, варожасьць, свары, зайздрасьць, гнеў, звады, раздоры (спакусы), ерасі,
21 нянавісьць, забойствы, п'янства, закалоты і іншае такое; папярэджваю вас, як і раней папярэджваў, што тыя, хто робіць так, Царства Божага не ўспадкуюць.
22 А плод Духа: любоў, радасьць, згода, доўгая цярплівасьць, добрасьць, міласэрнасьць, вера,
23 лагоднасьць, устрымлівасьць. На такіх няма закона.
24 А тыя, якія Хрыстовыя, укрыжавалі цела з пажадлівасьцю і пахацінствамі.
25 Калі мы жывём Духам, дык згодна з Духам і рабіць павінны.
26 Ня будзем пустаславіцца, адно аднаго дражніць, адно аднаму зайздросьціць.
Пасланьне да Галятаў, 5 глава