1 Дык, заклінаю цябе перад Богам і Госпадам (нашым) Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у прышэсьце Ягонае і Царстве Ягоным:
2 прапаведуй слова, настаўляй у час і ня ў час, выкрывай, забараняй, умаўляй доўга з поўнай цярплівасьцю і настаўленьнем.
3 Бо будзе час, калі здаровага вучэньня прымаць ня будуць, а паводле сваіх прыхамацяў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, лісьлівых слыху;
4 і ад ісьціны адвернуць вушы і прыгорнуцца да баек.
5 Але ты будзь пільны ва ўсім, цярпі скрушнасьць, выконвай справу дабравесьніка, выконвай служэньне тваё.
6 Бо я ўжо раблюся ахвяраю, і час майго ўшэсьця настаў.
7 Подзьвігам добрым я змагаўся, шлях закончыў, веру захаваў;
8 а цяпер рыхтуецца мне вянок праўды, які дасьць мне Гасподзь, справядлівы Судзьдзя, у дзень той; і ня толькі мне, але і ўсім, што палюбілі прышэсьце Яго.
9 Пастарайся прыйсьці да мяне неўзабаве.
10 Бо Дымас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашняе жыцьцё, і пайшоў у Фесалоніку, Крыскент у Галятыю, Ціт у Далмацыю; адзін Лукаш са мною.
11 Марка вазьмі і прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбен на служэньне.
12 Тыхіка я паслаў у Эфэс.
13 Як пойдзеш, прынясі плашч, які я пакінуў у Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергамэнтныя.
14 Аляксандр-меднік шмат учыніў мне ліха. Няхай яму Бог аддасьць паводле ўчынкаў ягоных!
15 Асьцерагайся яго і ты, бо ён надта ж супрацівіўся нашым словам.
16 Пры першай маёй абароне нікога ня было са мною, а ўсе мяне пакінулі. Хай не залічыцца ім!
17 А Гасподзь зьявіўся мне і ўмацаваў мяне, каб празь мяне сьцьвердзілася Дабравесьце, і пачулі ўсе язычнікі; і я пазьбег ільвінай пашчы.
18 І выратуе мяне Гасподзь ад усякіх ліхіх дзеяў і захавае для Свайго Нябеснага Царства. Яму слава на векі вякоў. Амін.
19 Вітай Прыскілу і Акілу і дом Анісіфораў.
20 Эраст застаўся ў Карынфе; а Трахіма я пакінуў хворага ў Міліце.
21 Пастарайся прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Эвул і Пуд, і Лін і Клаўдзія, і ўсе браты.
22 Гасподзь Ісус Хрыстос з духам тваім. Мілата з вамі. Амін.
Другое пасланьне да Цімафея, 4 глава