Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэлява | 3 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I была даўгая вайна памеж дому Саўлавага й дому Давідавага. I Давід усе болей а болей сіліўся, а дом Саўлаў болей а болей слабеў.
2 I радзіліся ў Давіда сыны ў Гэўроне; і быў пяршак ягоны Амнон ад Агіноамы Ізрэелянкі;
3 А другі ягоны Хілеаб ад Авіґаілы, жонкі Наваловае, Кармілянкі; трэйці — Аўсалом, сын Маахі, дачкі Фалмая, караля Ґешурскага;
4 Чацьверты — Адоня, сын Гаґіфы; пяты — Шэфата, сын Авіталы;
5 Шосты — Іфрэам ад Еґлы, жонкі Давідавае. Яны радзіліся ў Давіда ў Гэўроне.
6 I было, як была вайна меж дому Саўлавага й дому Давідавага, што Аўнір памагаў дому Саўлаваму.
7 У Саўлы была мамошка, імям Рыцпа Аянка. I сказаў Ішбошэф Аўніру: «Чаму ты ўвыйшоў да мамошкі айца майго?»
8 I вельмі прыкрыя былі Аўніру словы Ішбошэфавы, і сказаў: «Ціж я сабачая галава? Я супроці Юды ўчыніў цяпер добрасьць дому Саўлаваму, айца твайго, братом ягоным а прыяцелям ягоным, і не аддаў цябе ў рукі Давіда, а ты спаганяеш цяпер ізь мяне бяспраўе што да жонкі.
9 Тое а тое хай зробе Бог Аўніру і яшчэ болей зробе яму! Бо як прысягаў СПАДАР Давіду, так і зраблю яму,
10 Каб перадана было гаспадарства ад дому Саўлавага, і пастаноўлены пасад Давідаў над Ізраелям а над Юдаю, ад Дану аж да Веер-Шэвы».
11 I ня мог Ішбошэф адказаць Аўніру, бо баяўся яго.
12 I паслаў Аўнір ад сябе паслоў да Давіда, кажучы: «Чыя гэта зямля?» Кажучы: «Зрабі змову з імною, і вось, рука мая з табою, каб абярнуць да цябе ўсяго Ізраеля».
13 I сказаў: «Добра, я зраблю змову з табою, адно прашу ў цябе аднаго, кажучы: ты не абачыш віду майго, пакуль не прывядзеш із сабою Міхалы Саўлішкі, як прыйдзеш абачыцца з імною».
14 I паслаў Давід паслоў да Ішбошэфа Саўлянка, кажучы: «Аддай жонку маю Міхалу, каторую я адзяржаў за сто пярэдніх скурак Пілісцкіх».
15 I паслаў Ішбошэф, і ўзяў яе ад мужа, ад Палтыеля Лаішонка.
16 Пайшоў ізь ёю й муж ейны, ідучы й плачучы па ёй, аж да Багурыму; і сказаў яму Аўнір: «Ідзі назад». I ён зьвярнуўся.
17 I было слова Аўнірова да старцоў Ізраельскіх, кажучы: «Таксама ўчора, таксама заўчора вы шукалі Давіда, каб караляваў над вамі.
18 Цяпер зрабіце гэта, бо СПАДАР сказаў Давіду, кажучы: «Рукою слугі Свайго Давіда Я выбаўлю люд Свой, Ізраеля, з рукі Пілішчан і з рукі ўсіх непрыяцеляў ягоных».
19 I казаў таксама Аўнір у вушы Веняміну. Пайшоў таксама Аўнір, каб казаць у вушы Давіду ў Гэўроне ўсе, што было добрае ў вачох Ізраеля і ў вачох усяго дому Веняміновага.
20 I прышоў Аўнір да Давіда да Гэўрону а зь ім дваццацёх чалавекаў, і зрабіў Давід чэсьць Аўніру а людзём, былым ізь ім.
21 I сказаў Аўнір Давіду: «Я ўстану і пайду, і зьбяру да спадара свайго караля ўвесь люд Ізраельскі; і яны зробяць змову з табою, і будзеш караляваць над усімі, як жадае душа твая». I паслаў Давід Аўніра, і ён пайшоў у супакою.
22 I вось, слугі Давідавы а Ёаў прышлі з аддзелу, і здабытку шмат із сабою прынесьлі; яле Аўніра ўжо ня было з Давідам у Гэўроне, бо паслаў яго, і ён пайшоў у супакою.
23 I Ёаў і ўсе войска, што зь ім, прышлі, і Ёаву паведалі, кажучы: «Прыходзіў Аўнір Ніранок да караля, і тый паслаў яго, і ён пайшоў у супакою».
24 I прышоў Ёаў да караля, і сказаў: «Што ты зрабіў? Вось, прыходзіў да цябе Аўнір, чаму ты паслаў яго, і ён свабодна пайшоў?
25 Ты знаеш Аўніра Ніранка; ён прыходзіў ашукаць цябе, даведацца выхад твой і ўход твой, і ўзьведаць усе, што ты робіш».
26 I вышаў Ёаў ад Давіда, і паслаў ганцоў за Аўніром, і зьвярнулі яны яго ад студні Сыра, а Давід ня ведаў.
27 I зьвярнуўся Аўнір да Гэўрону, і Ёаў адвёў яго да сярэдзіны брамы, каб пагутарыць ізь ім цішком, і там выцяў яго пад пятую скабу. I памер за кроў Асагэла, брата ягонага.
28 I пачуў потым Давід, і сказаў: «Нявінны я а гаспадарства мае навекі перад СПАДАРОМ у крыві Аўніра Ніранка.
29 Хай падзець яна на галаву Ёава а на ўвесь дом айца ягонага; хай ня выкараніцца ў доме Ёававым маючы вытак, альбо пракажаны, альбо што апіраецца на кій, альбо валіцца ад мяча, альбо патрабуючы хлеба».
30 Ёаў жа а брат ягоны Авішай забілі Аўніра за тое, што ён зрабіў сьмерць брату іхнаму Асагэлу ў Ґівеоне ў часе вайны.
31 I сказаў Давід Ёаву а ўсім людзём, што былі зь ім: «Разьдзярыце адзецьці свае, і паперажыцеся зрэб’ям, і плачча па Аўніру». I кароль Давід ішоў за марамі.
32 І пахавалі Аўніра ў Гэўроне, і ўзьняў кароль голас свой, і плакаў над гробам Аўніровым; плакаў і ўвесь люд.
33 I галасіў кароль па Аўніру, і сказаў: «Ці так меў памерці Аўнір, як памірае дурны?
34 Рукі твае ня былі зьвязаныя, і ногі твае не ў зялезьзю, і ты паў, як падаюць ад нягодных». I ўвесь люд далей плакаў па ім.
35 I прышоў увесь люд сіліць Давіду хлеба, як яшчэ быў дзень; і прысяг Давід, кажучы: «Тое а тое хай зробе з імною Бог, і яшчэ болей зробе, калі я да заходу сонца паспытаюся хлеба альбо чаго-колечы».
36 I ўвесь люд зацеміў гэта, і ўпадабаў гэта, як і ўсе, што рабіў кароль, было добра ў вачох усяго люду.
37 I пазнаў увесь люд а ўвесь Ізраель таго дня, што не ад караля сталася забіцьцё Аўніра Ніранка.
38 I сказаў кароль слугам сваім: «Ці ня ведаеце, што князь а вялікі муж паў сядні ў Ізраелю?
39 Я цяпер яшчэ слабы, хоць і памазаны за караля, а гэтыя людзі Цэруёнкі дужшыя за мяне; хай жа заплаце СПАДАР дзеючаму ліха подле ліхасьці яго!»

Другая кніга Самуэлява, 3 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.