Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Гаспадарстваў | 19 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I сказаў Агаў Езэвелі ўсе, што зрабіў Ільля, і тое, што ён забіў усіх прарокаў мячом.
2 I паслала Езэвель пасланца да Ільлі сказаць: «Хай тое а тое зробяць імне багове, і яшчэ дададуць, калі я заўтра да гэтага часу не зраблю з душою тваёю таго, што з душою кажнага зь іх».
3 Абачыўшы, ён устаў і пайшоў, каб уратаваць жыцьцё свае, і прышоў да Веер-Шэвы, каторая ў Юдэі, і пакінуў дзяцюка свайго тамака.
4 А сам адышоў на пустыню на дзень дарогі, і прышоў, і сеў пад яленцавым кустом, і прасіў сьмерці душы сваёй, і сказаў: «Досыць ужо. СПАДАРУ, вазьмі душу маю, бо я ня лепшы за айцоў сваіх».
5 I лёг, і заснуў пад яленцавым кустом. I вось, ангіл даткнуўся да яго, і сказаў яму: «Устань, еж».
6 I глянуў Ільля, і вось, ля ўзгалоўя ягонага на вугальлю печаны сачэнь і жбан вады. Ён пад’еў, напіўся, і абярнуўся, і лёг.
7 I зьвярнуўся ангіл СПАДАРОЎ другім наваратам, даткнуўся да яго й сказаў: «Устань, еж, бо дарога над сілу табе».
8 I ўстаў ён, пад’еў і напіўся, і, дзякуючы пасілку ад тае ежы, ішоў сорак дзён і сорак ночаў аж да гары Божае Горыва.
9 I ўвыйшоў ён там у пячору, і начаваў там. I вось, было да яго слова СПАДАРОВА, і сказаў яму: «Чаго ты тут, Ільля?»
10 Ён сказаў: «Урупіўся, урупіўся я праз СПАДАРА, Бога войскаў, бо пакінулі змову Тваю сынове Ізраелявы, Твае аброчнікі разбурылі й прарокаў Тваіх забілі мячом; і застаўся я адзінюсенькі, і шукаюць душы мае, каб узяць яе».
11 І сказаў: «Выйдзі й стань на гары перад відам СПАДАРОВЫМ. I вось, СПАДАР пройдзе, і буйны й вялікі вецер, разьдзіраючы горы а крышачы скалы перад СПАДАРОМ, ня ў ветру СПАДАР. Просьле ветру землятрасеньне, не ў землятрасеньню СПАДАР.
12 Па землятрасеньню цяпло, не ў цяпле СПАДАР. Просьле цяпла голас ціхі, ценькі».
13 I было, як пачуў Ільля, укрыў від свой ахілімам сваім, і вышаў, і стаяў ля ўходу ў пячору. I вось, да яго голас, і сказаў яму: «Чаго ты тут, Ільля?»
14 Ён сказаў: «Урупіўся я праз СПАДАРА, Бога войскаў, бо пакінулі змову Тваю сынове Ізраелявы, аброчнікі Твае разбурылі й прарокаў Тваіх забілі мячом, і застаўся я адзінюсенькі, і шукалі душы мае, каб узяць яе».
15 I сказаў яму СПАДАР: «Пайдзі й зьвярніся ў дарогу сваю пераз пустыню да Дамашку; і прыйдзеш, і памажаш Газаеля за караля над Сыраю;
16 А Егу Німшанка памаж за караля над Ізраелям; Елісэя ж Шафацёнка з Авел-Меголы памаж за прароку замест сябе.
17 Хто ўцячэць ад мяча Газаелявага, таму зробе сьмерць Егу; а хто ўратуецца ад мяча Егувага, таму зробе сьмерць Елісэй.
18 Пакінуў Я, адылі, памеж Ізраялян сем тысячаў: усіх гэтых калені ня сьхіналіся перад Ваалам, і ўсіх гэтых вусны не цалавалі яго».
19 I пайшоў ён стуль, і знайшоў Елісэя Шафацёнка, а ён араў; двананцаць пар было ў яго, і сам ён быў ля двананцатае. Ільля, праходзячы міма яго, кінуў на яго ахілім свой,
20 I пакінуў буйны статак, і пабег за Ільлёю, і сказаў: «Пацалую, калі ласка, айца свайго й маці сваю, і я пайду за табою». Ён сказаў яму: «Пайдзі й зьвярніся; бо што я зрабіў табе?»
21 Ён, завярнуўся ад яго, узяў іго буйнога статку, і зарэзаў іх, і снасьцяй буйнога статку зварыў мяса, і даў людзём, і яны елі. I ўстаў, і пайшоў за Ільлёю, і пачаў служыць яму.

Першая кніга Гаспадарстваў, 19 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.