Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Гаспадарстваў | 10 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 Ув Агава было семдзясят сыноў у Самары. I напісаў Егу лісты, і паслаў да Самары начэльнікам Ізрээльскім, старцом а кармілічам дзяцей Агавовых, кажучы:
2 «Дык цяпер, як прыйдзе да вас гэты ліст, а ў вас сынове спадара вашага, у вас жа і цялежкі, і коні, і ўмацаванае месца, і зброя;
3 Дык выглядзіце найлепшага а найпасьціўшага із сыноў гаспадара свайго, і пасадзіце яго на пасад айца ягонага, і ваюйце за дом гаспадара свайго».
4 Яны вельмі, вельмі спалохаліся і сказалі: «Вось, два каралі ня ўстоілі перад ім, як жа мы ўстоім?»
5 I паслаў дамавер а гараднічы а старцы а кармілічы да Егу, сказаць: «Мы слугі твае, і што скажаш нам, тое й зробім. Мы нікога не пастановім за караля; што добра ў ваччу тваім, тое й рабі».
6 I напісаў ён ім ліст другі, кажучы: «Калі вы мае і слухаеце голасу майго, то вазьміце галавы сыноў гаспадара свайго і прыйдзіце да мяне заўтра гэтага часу да Ізрэелю». Каралеўскіх жа сыноў было семдзясят чалавекаў; найвыдатнейшыя ў месьце былі кармілічамі іх.
7 Як прышоў да іх ліст, яны ўзялі каралеўскіх сыноў, зарэзалі семдзясят чалавекаў, і палажылі галавы іхныя ў сутнікі, і паслалі да яго да Ізрэелю.
8 I прышоў пасланец, і наказаў яму, кажучы: «Прынесьлі галавы сыноў каралеўскіх». I сказаў ён: «Раскладзіце іх у дзьве кучы ля ўходу ў браму, да раньня».
9 Нараніцы ён вышаў, і стаў, і сказаў усяму люду: «Вы ня вінны. Вось, я паўстаў супроці гаспадара свайго й зрабіў сьмерць яму, а іх усіх хто забіў?
10 Ведайце ж цяперака, што ня зваліцца на зямлю нічагусенькі із слова СПАДАРОВАГА, каторае СПАДАР казаў праз дом Агавоў; бо СПАДАР зрабіў, што казаў слугою Сваім Ільлёю».
11 I пабіў Егу ўсіх засталых з дому Агавовага ў Ізрэелю, і ўсіх вялікіх ягоных, і знаёмых ягоных, і сьвятароў ягоных, ажно не засталося ў яго астачы.
12 I ўстаў, і адышоў, і пайшоў да Самары, а па дарозе зайшоўся да дому пастухоў-пастрыганьнікаў.
13 I Егу знайшоў братоў Агазіных, караля Юдэйскага, і сказаў: «Хто вы?» Яны адказалі: «Мы браты Агазіны і йдзем паздароваць сыноў каралёвых і сыноў каралічыных».
14 I сказаў ён: «Хапіце іх жывых». I схапілі іх жывых, і зарэзалі іх — сорак двух чалавекаў, ля студні двору пастрыгальні, і не засталося ні воднага зь іх.
15 I пайшоў стуль, і стрэўся зь Егонадавом Рыхавёнкам, што йшоў наўпярэймы яму, і дабраславіў яго, і сказаў яму: «Ці твае сэрца шчырае, як мае сэрца да сэрца твайго?» I ён адказаў: «Але». І сказаў Егу: «Калі але, то дай руку сваю». I падаў ён руку сваю, і падняў ён яго да цялежкаў сваіх.
16 I сказаў: «Едзь з імною і глядзі на маю рупатлівасьць праз СПАДАРА». I павёз яго ў цялежках сваіх.
17 Прыехаўшы да Самары, ён забіў усіх засталых ув Агава ў Самары, ажно сусім зьнішчыў яго, подле слова СПАДАРОВАГА, каторае Ён казаў Ільлі.
18 I зьбер Егу ўвесь люд, і сказаў ім: «Агаў мала служыў Ваалу; Егу будзе служыць яму болей.
19 Дык цяпер згукайце да мяне ўсіх прарокаў Вааловых, усіх служцоў ягоных і ўсіх сьвятароў ягоных, каб нікога не заставалася; бо вялікі аброк у мяне Ваалу. А кажны, хто ня стане, не застанецца жыў». Але Егу рабіў хітра, каб выгубіць службітоў Вааловых.
20 I сказаў Егу: «Пасьвяціце збор дзеля Ваала». I агаласілі.
21 I паслаў Егу па ўсім Ізраелю; і прышлі ўсі службіты Вааловы, і не засталося ні воднага, хто б ня прышоў; і ўвыйшлі ў дом Ваалоў, і дом Ваалоў быў поўны ад аднаго канца аж да другога канца.
22 I сказаў ён таму, хто быў над адзежняю: «Вынясі адзецьці ўсім службітом Вааловым». I ён вынес ім адзецьці.
23 I ўвыйшоў Егу зь Егонадавом Рыхавёнкам у дом Ваалоў, і сказаў службітом Вааловым: «Прасачыце а глядзіце, каб тут ня было з вамі нікога із службітоў СПАДАРОВЫХ, але адно службіты Вааловы».
24 I прыступілі яны спаўняць аброкі а ўсепаленьні. А Егу пастанавіў сабе вонках асьмідзясят чалавекаў і сказаў: «Хто ўцячэць із тых людзёў, каторых я аддаў у рукі вашыя, душа таго замест душы ягонае».
25 I сталася, як скончылі абракаць усепаленьне, што сказаў Егу ганцом а ахвіцэрам: «Ідзіце, забіце іх, каб ні водзін ня вышаў». I забілі іх лязом мяча, і выкінулі іх ганцы а ахвіцэры, і пайшлі да места дому Вааловага.
26 I павыносілі асобкі з дому Вааловага, і папалілі іх.
27 I разьбілі асобку Ваала, і разьбілі дом Ваала, і зрабілі зь яго месца нечысьцяў дагэтуль.
28 I выгубіў Егу Ваала ізь зямлі Ізраельскае.
29 Ад грахоў, адылі, Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх, ад іх не адступіў Егу, — ад залатых цялят-бычкоў, што ў Бэт-Элю і што ў Дане.
30 I сказаў СПАДАР Егу: «За тое, што ты добра зрабіў, каб споўніць пасьцівае ў ваччу Маім; подле ўсёга, што было ў сэрцу Маім, ты зрабіў дому Агавоваму, то да чацьвертага пакаленьня будуць сядзець у цябе на пасадзе Ізраелявым».
31 Але Егу ня рупіўся хадзіць у законе СПАДАРА, Бога Ізраелявага, з усёга сэрца. Ён не адступіў, ад грахоў Еровоама, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх.
32 Тых дзён пачаў СПАДАР адразаць часьці ад Ізраялян, і біў іх Газаель па ўсіх граніцах Ізраелявых,
33 Ад Ёрдану на ўсход сонца, усю зямлю Ґілеад, плямя Ґадава, Рувінава, Манасава, ад Ароеру, каторы ля цур’я Арнона, і Ґілеад а Вашан.
34 Засталыя справы Егавы і ўсе, што ён зрабіў, і ўся сіла ягоная, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх.
35 I супачыў Егу з айцамі сваімі, і пахавалі яго ў Самары. I загаспадарстваваў Егоагаз, сын ягоны, замест яго.
36 Часу ж гаспадарстваваньня Егу над Ізраелям у Самары было дваццаць восьмі год.

Другая кніга Гаспадарстваў, 10 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.