1 Дваццаць сёмага году Еровоама, караля Ізраельскага, загаспадарстваваў Азара Амасёнак, кароль Юдэйскі.
2 Шаснанцаць год было яму, як загаспадарстваваў, і пяцьдзясят два гады гаспадарстваваў у Ерузаліме. Імя маці ягонае Ехоля, зь Ерузаліму.
3 Ён рабіў пасьцівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім, як рабіў Амася, айцец ягоны.
4 Адно ўзвышшы ня былі аддалены: люд яшчэ абракаў а кадзіў на ўзвышшах.
5 I паразіў СПАДАР караля, і быў ён пракажаны аж да дня сьмерці свае, і жыў у вапрычоным доме. А Ёфам, сын каралёў, быў над домам, судзячы люд зямлі.
6 Засталыя справы Азарыны і ўсе, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?
7 I супачыў Азара з айцамі сваімі, і пахавалі яго з айцамі ягонымі ў месьце Давідавым. I загаспадарстваў Ёфам, сын ягоны, замест яго.
8 Трыццаць восьмага году Азары, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Захара Еровоамёнак над Ізраелям у Самары, і гаспадарстваваў шэсьць месяцаў.
9 Ён рабіў благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, як рабілі айцы ягоныя: не адхінаўся ад грахоў Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх.
10 I змовіўся супроці яго Шалум Явішонак, і выцяў яго перад людам, і забіў яго; і загаспадарстваваў замест яго.
11 I засталыя справы Захаравы, вось, яны запісаныя ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх.
12 Гэткае было слова СПАДАРОВА, каторае Ён праказаў Егу, кажучы: «Сыны твае да чацьвертага пакаленьня будуць сядзець на пасадзе Ізраелявым». I было так.
13 Шалум Явішонак загаспадарстваваў трыццаць дзявятага году Узі, караля Юдэйскага, і гаспадарстваваў адзін месяц у Самары.
14 I ўзышоў Менагім Ґадзянок ізь Фірцы, і прышоў да Самары, і выцяў Шалума Явішонка ў Самары, і забіў яго, і загаспадарстваваў замест яго.
15 Засталыя справы Шалумавы й змова ягоная, каторую ён зрабіў, вось, яны запісаныя ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх.
16 Тады зразіў Менагім Тапуаг а ўсе, што ў ім а ў граніцах яго, ад Фірцы, бо ён не адчыніўся, за тое зразіў; усі цяжарныя жанкі ў ім парасьцінаў.
17 Трыццаць дзявятага году Азары, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Менагім Ґадзянок над Ізраелям, і гаспадарстваваў дзесяць год у Самары.
18 I рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ: не адхінаўся ўсі дні свае ад грахоў Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх.
19 Тады прышоў Пул, кароль Асырскі, на зямлю. I даў Менагім Пулу тысяча таланяў срэбра, каб рука ягоная магла быць за яго, дзеля ўмацаваньня каралеўства ў руццэ сваёй.
20 I расклаў Менагім гэтае срэбра на Ізраеля, на ўсіх багатыроў, даць каралю Асырскаму па пяцьдзясят сыкляў срэбра ад кажнага чалавека. I зьвярнуўся кароль Асырскі, і не застаўся там у зямлі.
21 Засталыя справы Менагімовы і ўсе, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх?
22 I супачыў Менагім із айцамі сваімі. I загаспадарстваваў Пекага, сын ягоны, замест яго.
23 Пяцьдзясятага году Азары, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Пекага Менагіменак над Ізраелям у Самары, і гаспадарстваваў два гады.
24 I рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, не адхінаўся ад грахоў Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх.
25 I змовіўся супроці яго Пекаг Рэмалёнак, капітан ягоны, і выцяў яго ў Самары ў палацу каралеўскага дому, з Арґовам а Арам, а зь ім былі пяцьдзясят чалавекаў із сыноў Ґілеадзкіх, і забіў яго, і загаспадарстваваў замест яго.
26 Засталыя справы Пекажыны і ўсе, што ён зрабіў, запісаныя ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх.
27 Пяцьдзясят другога году Азары, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Пекаг Рэмалёнак над Ізраелям у Самары, і гаспадарстваваў дваццаць год.
28 I рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ: не адхінаўся ад грахоў Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх.
29 За дзён Пекага, караля Ізраельскага, прышоў Фіґлаф-Піл-Эсэр, кароль Асырскі, і ўзяў Іён, Авел-Беф-Мааху а Яноаг а Кедэш а Гасор а Ґілеад а Ґалілею, усю зямлю Неффалімову, і перасяліў іх да Асыры.
30 I ўчыніў змову Гося Ілянок супроці Пекага Рэмалёнка, і выцяў яго, і забіў яго, і загаспадарстваваў замест яго дваццатага году Ёфама Узянка.
31 Засталыя справы Пекагавы і ўсе, што ён зрабіў, вось, запісаныя ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх.
32 Другога году Пекага Рэмалёнка, караля Ізраельскага, загаспадарстваваў Ёфам Узянок, кароль Юдэйскі.
33 Дваццаць пяць год было яму, як загаспадарстваваў, і шаснанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме. Імя маці ягонае Еруша Садачышка.
34 Ён рабіў пасьцівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім; як рабіў Узя, ацец ягоны, так рабіў і ён.
35 Адно ўзвышшы ня былі аддалены: яшчэ люд абракаў а кадзіў на ўзвышшах. Ён збудаваў вышшую браму ля дому СПАДАРОВАГА.
36 Засталыя справы Ёфамовы і ўсе, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?
37 За тых дзён СПАДАР пачаў пасылаць на Юдэю Рэцына, караля Арамскага, і Пекага Рэмалёнка.
38 I супачыў Ёфам із айцамі сваімі, і пахаваны з айцамі сваімі ў месьце Давіда, айца свайго. I загаспадарстваваў Агаз, сын ягоны, замест яго.
Другая кніга Гаспадарстваў, 15 глава