1 Просьле гэтага адчыніў Ёў вусны свае і пракляў дзень свой.
2 I адказаў Ёў, і сказаў:
3 «Зьгінь дзень, у каторым я радзіўся, і ноч, у каторай сказалі: “Пачаўся мужчына!”
4 Дзень тый хай будзе цемняю, хай ня соча яго Бог згары, і хай не зазьзяе над ім сьвятліня!
5 Багдай яго запляміла цемнь а сьцень сьмерці, багдай завалок яго булак, хай палохаюцца яго, як немарасьці дня!
6 Ноч тая, — багдай забрала яе цемнь, хай ня будзе палічана яна ў днёх году, хай ня ўвыйдзе ў лік месяцаў!
7 Во! багдай ноч тая была адзінотная, багдай ня было пяцьця ў ёй!
8 Хай праклінуць яе праклінаючыя дзень, здольныя пабудзіць Левяфана!
9 Хай зацьмеюць гвезды золку яе: хай выглядае яна сьвятліні, і яе няма, і хай не абача яна векаў дня,
10 За тое, што не зачыніла дзьвярэй жывата майго, ані схавала немарасьці ад аччу маіх!
11 Чаму, выходзячы зь дзетніцы, я не памер, не сканаў вышаўшы із жывата?
12 Чаму перанялі мяне калені? чаму было імне ссаць пелькі?
13 Цяпер бы ляжаў я й супачываў: спаў бы, і было б імне супакойна,
14 З каралямі а параднікамі зямлі, што забудовавалі сабе пустыні,
15 Альбо з князьмі, у каторых было золата, каторыя напаўнялі дамы свае срэбрам;
16 Альбо, як ськінены плод пахаваны, я ня быў бы, як бязьлеткі, што не абачылі сьвятліні.
17 Там нягоднікі перастаюць немарасьціць, і там супачываюць высіленыя.
18 Там вязьні разам цешацца із супакою і ня чуюць крыкаў наглядніка.
19 Малы й вялікі там ён, і слуга свабодны ад пана свайго.
20 Нашто дана сьвятліня стамаванаму, а жыцьцё гаркім душою,
21 Каторыя ждуць сьмерці, і няма яе, што выкапалі б яе ахватней, чымся скарбы,
22 Узрадавіліся б аж да захапленьня, цешыліся б, што знайшлі гроб,
23 Нашто дана мужчыне, ад каторага дарога схавана, і каторага Бог агарадзіў?
24 Бо перад хлебам маім уздыханьні мае, і выліліся, як вада, стогны мае;
25 Бо жахлівае, чаго я жахаўся, тое й стрэла мяне; і чаго я баяўся, тое й прышло да мяне.
26 Я ня быў у бясьпечнасьці ані меў супачынку, ані быў супакойны; і прышла немарасьць».
Кніга Ёвава, 3 глава