1 I гукнуў Масея, і казаў СПАДАР яму з будану збору, кажучы:
2 «Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім: калі які чалавек дабліжа з вас дар СПАДАРУ, то калі із статку, дык із буйнога або з драбнога давайце вашы дары.
3 Калі ўсепаленьне ё дар ягоны з буйнога статку — самца бяз гану хай прывядзець да дзьвярэй будану збору, хай прывядзець яго самахоць перад СПАДАРА.
4 I ўзложа руку сваю на галаву ўсепаленьня, і яно будзе зьлюб за яго да ўчыненьня ласкі яму.
5 I зарэжа цялё перад СПАДАРОМ, і абракуць сынове Ааронавы, сьвятары, кроў і пакропяць крывёй ваўкола на аброчнік, каторы ля ўходу будану збору.
6 I аблупе аброк усепаленьня, і разатнець яго на кавалкі ягоныя.
7 I паложаць сынове Аарона, сьвятара, агонь на аброчнік, і разложаць дровы на агню.
8 I разложаць сыны Ааронавы, сьвятарове, кавалкі, галаву а тук на дровах, каторыя на цяпле, што на аброчніку.
9 А патрыхі а ногі ягоныя вымые ён вадою, і спале сьвятар усе на аброчніку: гэта ўсепаленьне, аброк агняны, пах прыемны СПАДАРУ.
10 А калі з драбнога статку дар ягоны, з авец або з козаў на ўсепаленьне, самца няхай абрачэць.
11 I зарэжа яго на паўночным баку аброчніка перад СПАДАРОМ, і пакропяць сынове Ааронавы, сьвятарове, крывёй яго на аброчнік наўкола.
12 I разатнуць яго на кавалкі, і галаву ягоную й тук ягоны, і разложа іх сьвятар на дровах, каторыя на цяпле, што на аброчніку.
13 А патрыхі а калені вымыюць вадою, і абрачэць сьвятар усе, і спале на аброчніку: усепаленьне яно, аброк агняны, пах прыемны СПАДАРУ.
14 А калі з птушак усепаленьням дар ягоны СПАДАРУ, хай дабліжа з туркоў або з галубянят.
15 I дабліжа яго сьвятар да аброчніка, і скруце яму галаву, і спале на аброчніку, а кроў выцісьне да сьцяны аброчніка;
16 I здыйме вальляк ягоны зь пер’ям ягоным, і кіне яго ля аброчніка на ўсходнім баку, у месца, ідзе попел.
17 I надарвець яго ў крылах ягоных, каторых, адылі, не адарвець, і спале яго сьвятар на аброчніку на дровах, каторыя на цяпле: гэта ўсепаленьне, аброк агняны, пах прыемны СПАДАРУ.
Трэцяя кніга Масеява: Левіт, 1 глава