1 I, адказуючы, Ісус гукаў ім ізноў прыпавесьцьмі, кажучы:
2 «Падобнае гаспадарства нябёснае да караля, што справіў вясельную чэсьць сыну свайму.
3 I паслаў слугаў сваіх, каб пагукалі пазваных на вясельле; і не хацелі прыйсьці.
4 Ізноў паслаў іншых слугаў, сказаўшы: ‘Скажыце пазваным: вось я прыгатаваў вячэру сваю, валы свае і што ўкормлена, зарэзана, і ўсе гатова; прыходзьце на вясельную чэсьць’.
5 Але яны ўлегцы замелі тое, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго.
6 Засталыя, схапіўшы слугаў ягоных, зьняважылі іх і забілі.
7 I, пачуўшы гэта, кароль угневаўся; і, паслаўшы войска сваё, выгубіў убіўцаў тых, а места іхнае спаліў.
8 Тады кажа ён слугам сваім: ‘Вясельная чэсьць гатова, а пазваныя ня былі годныя;
9 Дык ідзіце на ростані і ўсіх, каго знойдзеце, гукайце на вясельле’.
10 I слугі тыя, вышаўшы на дарогі, зьберлі ўсіх, каго толькі знайшлі, і благіх і добрых, і вясельная хароміна напаўнілася ўзьляжачымі.
11 Кароль, увыйшоўшы паглядзець узьляжачых, абачыў там чалавека, што ня быў адзеўшыся ў вясельным адзецьцю;
12 I кажа яму: ‘Прыяцелю! як ты ўвыйшоў сюды не ў вясельным адзецьцю?’ Ён жа маўчаў.
13 Тады сказаў кароль служцом: ‘Зьвязаўшы яму рукі й ногі, вазьміце яго й кіньце ў цемру навонную; там будзе плач а скрыгот зубамі;
14 Бо шмат пазваных, але мала абраных».
15 Тады фарысэі пайшлі й радзіліся, як бы злавіць Яго ў гаворцы.
16 I пасылаюць да Яго вучанікаў сваіх із Гіродыянамі, кажучы: «Вучыцелю! мы ведаем, што Ты праўдзівы, і дарогі Божае праўдзіва вучыш, дый на нікога не зважаеш, бо не аглядаешся на асобу людзкую;
17 Дык скажы нам: як табе здаецца? ці дазволена даваць падачкі цэсару, ці не?»
18 Але Ісус, бачачы нягоднасьць іхную, сказаў: «Нашто спакушаеце Мяне, двудушнікі?
19 Пакажыце Імне манэту, каторай плаціце падачкі».J> Яны прынесьлі Яму дынар.
20 I кажа ім: «Чый абраз тут а напіс?»
21 Кажуць Яму: «Цэсаравы». Тады кажа ім: «Дык аддайце цэсарава цэсару, а Божае — Богу».
22 Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і, пакінуўшы Яго, пайшлі.
23 Таго ж дня дабліжыліся да Яго садукеі, каторыя кажуць, што няма ўскрысеньня, і папыталіся ў Яго:
24 «Вучыцелю, Масей сказаў: ‘Калі хто памрэць, ня маючы дзяцей, то брат ягоны хай ажэніцца із жонкаю ягонай і прыдбае насеньне брату свайму’.
25 Было ў нас сямёх братоў: і першы, ажаніўшыся, памер і, ня маючы дзяцей, пакінуў жонку сваю брату свайму.
26 Падобна й другі й трэйці аж да сёмага.
27 Просьле ж усіх памерла й жонка.
28 Дык у часе ўскрысеньня, каторага ізь сямёх будзе яна жонкаю? бо ўсі мелі яе».
29 Ісус, адказуючы, сказаў ім: «Мыляецеся, ня ведаючы Пісьма ані моцы Божае;
30 Бо ў часе ўскрысеньня ані жэняцца, ані выходзяць замуж, але будуць, як ангілы Божыя на нябёсах.
31 А праз ускрысеньне мертвых ці ня чыталі вы, што сказаў вам Бог:
32 ‘Я Бог Абрагамоў, і Бог Ісакоў, і Бог Якаваў’? Бог ня ё Бог мертвых, але жывых».
33 I як груды чулі, яны зумяваліся з навукі Ягонае.
34 А фарысэі, пачуўшы, што Ён прысіліў садукеяў змоўкці, зьберліся разам.
35 I, пытаючы адзін ізь іх, законьнік, спакушаў Яго:
36 «Вучыцелю, якое найвялікшае расказаньне ў Законе?»
37 Ісус сказаў яму: «Любі Спадара Бога свайго з усяго сэрца, і з усяе душы свае, і з усяе думкі свае.
38 Гэта вялікае а першае расказаньне.
39 Другое ж падобнае да яго: любі прыяцеля свайго, як самога сябе.
40 На гэтых двух расказаньнях увесь Закон а прарокі дзяржацца».
41 А як зьберліся фарысэі, Ісус папытаўся ў іх:
42 «Што вы думаеце праз Хрыста? чый Ён сын?» Кажуць Яму: «Давідаў».
43 Кажа ім: «Як жа Давід у духу завець Яго Спадаром, кажучы:
44 ‘Сказаў Спадар Спадару майму: Сядзі па правіцы Маей, пакуль палажу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае’?
45 Дык калі Давід завець Яго Спадаром, як жа Ён сын яму?»
46 I ніхто ня мог адказаць Яму ані слова; і адгэнуль ніхто ўжо ня важыўся пытацца ў Яго.
Евангеля подле сьвятога Мацьвея, 22 глава