Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другапраўе | 18 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 Хай ня будзе ў сьвятароў Левітаў, у ўсяго плямені Левавага дзелі а спадку з Ізраелям: яны маюць жывіцца аброкамі СПАДАРОВЫМІ й Ягонай дзельлю;
2 Спадку ж ня будзе яму памеж братоў ягоных: Сам СПАДАР спадак ягоны, як казаў Ён яму.
3 І во што мае быць прызначана сьвятаром ад люду, ад абракаючых на аброк вала альбо авечкі: аддаваць сьвятару лапатку, шчэляпы а трыбух.
4 Пачаткі збожжа свайго, віннога соку свайго й алівы свае, і пачаткі воўны авец сваіх аддаваць яму;
5 Бо яго абраў СПАДАР, Бог твой, з усіх плямёнаў тваіх, каб ён стаяў, каб служыў у іменю СПАДАРА, сам а сынове ягоныя ўсі дні.
6 I калі прыдзе Левіт із аднае з брамаў з усяго Ізраеля, ідзе ён жыў, і прыдзе на зычаньне душы свае на месца, каторае абярэць СПАДАР,
7 I будзе служыць у іменю СПАДАРА, Бога свайго, як і ўсі браты ягоныя Левіты, што стаяць там перад СПАДАРОМ;
8 То хай яны карыстаюць із аднолькавае дзелі, звыш адзяржанага ад продажы баччыны.
9 Як ты ўвыйдзеш у зямлю, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе, ня вучыся рабіць падобна да брыды тых народаў:
10 Ня мае быць знойдзены ў цябе праводзячы сына свайго альбо дачку сваю перазь цяпло, вяшчун вешчаваньня, назіраньнік часоў, варажбіт, вядзьмар,
11 Чараўнік, выгукаючы духі, знахар і пытаючы ў мертвых;
12 Бо агіда СПАДАРУ кажны, што робе гэта, і за гэтыя агіды СПАДАР, Бог твой, выганяе іх ад віду твайго.
13 Будзь беззаганны із СПАДАРОМ, Богам сваім;
14 Бо народы тыя, каторыя ты выганяеш, слухаюць назіраньнікаў часоў а вяшчуноў; але табе ня тое даў СПАДАР, Бог твой.
15 Прароку з пасярод цябе, з братоў тваіх, як мяне, узьніме табе СПАДАР, Бог твой, Яго слухайце;
16 Подле ўсяго, чаго ты прасіў у СПАДАРА, Бога свайго, ля Горыву ў дзень збору, кажучы: “Хай не пачую болей голасу СПАДАРА, Бога свайго, і цяпла гэтага вялікага няхай не абачу болей, каб імне не памерці”.
17 I сказаў імне СПАДАР: “Добра тое, што яны казалі.
18 Прароку я ўзьніму ім із пасярод братоў іхных, такога як ты, і дам словы Мае ў вусны Ягоныя, і Ён будзе казаць ім усе, што Я раскажу Яму;
19 I будзе, што хто не паслухае словаў Маіх, каторыя будзе гукаць імям Маім, тый адкажа Імне.
20 А тый прарока, каторы гарэзуе гукаць слова імям Маім, тое, чаго Я не расказаў яму гукаць, і каторы будзе гукаць імям багоў іншых, дык хай памрэць прарока тый”.
21 I калі скажаш у сэрцу сваім: “Як мы пазнаем слова, каторае ня СПАДАР казаў?”
22 Калі скажа прарока імям СПАДАРА, але ня станецца слова тое й ня спраўдзіцца, то гэта слова, што не казаў яго СПАДАР, але казаў яго прарока з гарэзасьці свае, — ня бойся яго.

Пятая кніга Масеява: Другапраўе, 18 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.