1 I во дабраславенства, каторым Масей, чалавек Божы, дабраславіў сыноў Ізраелявых перад сьмерцю сваёю;
2 I ён сказаў: «СПАДАР прышоў із Сынаю, узышоў ім із Сэіру, зазьзяў з гары Парану і йшоў зь дзесяцьма тысячамі сьвятых; з правае рукі Ягонае цяпло права.
3 Запраўды Ён любе люды; усі сьвятыя Ягоныя ў руццэ Тваёй, і яны палі ніцма да ног Тваіх, каб адзяржаць із словаў Тваіх».
4 Права расказаў нам Масей, спадак грамадзе Якававай.
5 I ён быў кароль Ешуруна, як зьбіраліся галавы люду Ізраеля, разам усі плямёны Ізраелявы.
6 «Хай жывець Рувін і хай не памірае, і хай ня будуць сьмяротныя ягоныя лічаныя».
7 А гэта празь Юду; і сказаў: «Пачуй, СПАДАРУ, голас Юдзін, і да люду Свайго прывядзі яго; рук ягоных досыць яму і памачніком супроці варагоў ягоных Ты будзь».
8 I празь Лева сказаў: «Тумім твае а Урым твае на набожным мужу тваім, каторага Ты прабаваў у Масе, з каторым Ты сьперачаўся ля водаў Мерывы,
9 Каторы кажа айцу свайму а маці сваёй: “Я іх ня бачыў”, і братоў сваіх не пазнаў, і сыноў сваіх ня знае; бо яны словы Твае заховуюць і змову Тваю дзяржаць,
10 Вучаць судоў Тваіх Якава і права Твайго Ізраеля, кладуць кадзіла перад ноздрамі Тваімі і ўсепаленьне на аброчнік Твой.
11 Дабраслаў, СПАДАРУ, сілу ягоную, а работу рук ягоных Ты зыч сабе, зламі сьцёгны паўсталых на яго й ненавідзячых яго, каб яны не маглі стаяць».
12 Веняміну сказаў: «Любы СПАДАРУ будзе жыць у яго бясьпечна; апякуецца ім увесь дзень, і памеж плеч Ягоных супачыне».
13 I Язэпу сказаў: «Хай дабраславе СПАДАР зямлю ягоную дарагімі рэчмі неба, расою й бяздоньня, далавах ляжачага,
14 I дарагімі пладамі сонца, і дарагімі рэчмі месяцаў,
15 Найгалаўнейшымі рэчмі старавечных гораў, і дарагімі рэчмі вечных узгоркаў,
16 I дарагімі рэчмі зямлі й таго, што напаўняе яе. Зычлівасьць Таго, што жыў у кусьце, хай прыйдзе на галаву Язэпаву і на цемя адлучанага ад братоў ягоных.
17 Слава ягоная, як першароднага бычка, і рогі ягоныя, як рогі буйлы, імі збадзець ён народы разам аж да канца зямлі: гэта дзесяткі тысячаў Яхрэмавых і гэта тысячы Манасавы».
18 I Завулону сказаў: «Весяліся, Завулоне, у выхадах сваіх, і Іссасхару, у буданох сваіх.
19 Люды на гару згукаюць яны, там абракаюць аброкі справядлівасьці, бо яны ссуць вялізарнае багацьце мора й скарбы, схаваныя ў пяску».
20 I Ґаду сказаў: «Дабраславёны, хто пашырыў Ґада. Ён, як леў, супачывае і разрывае плячо і нават цемя.
21 Ён выглядзеў сабе першую часьць, бо там захаваў правадаўца дзель яму, і прышоў із князьмі люду, і справядлівасьць СПАДАРОВУ споўніў, і суды ягоныя з Ізраелям».
22 I Дану сказаў: «Дан, як левянё, што выбягае з Вашану».
23 I Неффаліму сказаў: «Неффалім досыць мае зычлівасьці й поўны дабраславенства СПАДАРОВАГА; захад і паўдня адзяржыш».
24 I Ашэру сказаў: «Дабраславеншы за сыноў Ашэр; ён будзе мець зычлівасьць у братоў сваіх і занура ў валіву нагу сваю.
25 Вобуй твой зялеза а медзь; як дні твае, сіла твая.
26 Нямаш Бога падобнага да Ешуруновага, едзе на нябёсах на помач табе, у вялікасьці сваёй на булакох.
27 Прыстаньня Бог вечны, і далоўям тваім вечныя плячукі Ягоныя; і Ён пражанець варагоў ад віду твайго, і скажа: “Губі”.
28 I жыў Ізраель бясьпечна адзінотны, жарало Якава на зямлі збожжа а віннога соку, нават нябёсы ягоныя крапіць будуць расу.
29 Шчасьлівы ты, Ізраелю! хто падобны да цябе, людзе выбаўлены СПАДАРОМ, Каторы шчыт помачы твае, і Каторага меч вялічча твае. Варагі твае паддаюцца табе, і ты на вышынях іхных топчаш іх».
Пятая кніга Масеява: Другапраўе, 33 глава