Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Кніга Егошуі | 23 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I сталася за шмат дзён просьле тога, як СПАДАР супакоіў Ізраеля ад усіх варагоў ягоных навокал, а Ігошуа застараўся, увыйшоў у гады.
2 I гукнуў Ігошуа ўсяго Ізраеля, старцоў яго а галоў яго а судзьдзяў яго а нагляднікаў яго, і сказаў ім: «Я застараўся, увыйшоў у гады.
3 А вы бачылі ўсе, што зрабіў СПАДАР, Бог ваш, перад відам вашым із усімі гэтымі народамі, бо СПАДАР, Бог ваш, — Ён тый, што ваяваў за вас.
4 Гля, я прызначыў вам жэрабям засталыя народы гэтыя на спадак плямёнам вашым, ад Ёрдану, і ўсі народы, каторыя я выгубіў, і вялікае мора, на захадзе сонца.
5 I СПАДАР, Бог ваш, Сам адапхнець іх ад вас, і выжане іх перад вамі, і вы адзяржыцё на спадак зямлю іхную, як казаў вам СПАДАР, Бог ваш.
6 I сілуйцеся вельма заховаваць а рабіць усе напісанае ў кнізе права Масеявага, каб не адварачацца ад яго направа ані налева.
7 Каб вам ня ўвыйсьці памеж гэтых народаў, гэтых засталых із вамі, то імені багоў іхных не ўспамінайце, і не прысягайце імі, і ня служыце ім, і ня кланяйцеся ім;
8 Але да СПАДАРА, Бога свайго, прыліпніце, як вы рабілі дагэтуль.
9 I прагнаў СПАДАР ад вас народы вялікія а дужыя; а што да вас, то ніхто ня вытрываў перад вамі дагэтуль.
10 Адзін із вас праганяе тысяча, бо СПАДАР, Бог ваш, Ён тый, Каторы ваюе за вас, як казаў вам.
11 Затым вельма глядзіце сябе, каб любіць СПАДАРА, Бога свайго.
12 Бо калі ж вы чыста адвернецеся й прыліпніце да астачы народаў гэтых, што засталіся з вамі, і пасваячыцеся зь імі, і ўвыйдзеце да іх, а яны ўвыйдуць да вас;
13 То напэўна, ведайце, што СПАДАР, Бог ваш, ня будзе далей праганяць народы гэтыя перад вамі, і будуць вам сеткаю, і пераказаю, і пугаю баком вашым, і церням ачом вашым, пакуль ня будзеце выгублены з гэтае добрае зямлі, каторую даў вам СПАДАР, Бог ваш.
14 I вось, я цяпер адыходжу ў дарогу ўсяе зямлі. А вы ведайце ўсім сэрцам сваім і ўсёй Душою сваёй, што не прамінула ні воднае слова з усіх добрых словаў, каторыя казаў праз вас СПАДАР, Бог ваш: усе спраўдзілася вам, не прамінула зь яго ні воднае слова.
15 I будзе: як прышло на вас кажнае добрае слова, каторае казаў вам СПАДАР, Бог ваш, так прывядзець СПАДАР на вас усялякае благое слова, пакуль ня выгубе вас із гэтае добрае зямлі, каторую даў вам СПАДАР, Бог ваш.
16 Калі вы выступіце із змовы СПАДАРА, Бога свайго, каторую Ён расказаў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць іншым багом, і кланяцца ім, дык узгарыцца на вас гнеў СПАДАРОЎ і ўборзьдзе загінеце з гэтае добрае зямлі, каторую даў вам».

Кніга Егошуі Нунянка, 23 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.