1 Просьле гэтага я абачыў іншага ангіла, што зыходзіў зь неба і меў уладу вялікую. Зямля асьвяцілася ад славы ягонае.
2 I гукнуў ён вялікім голасам, кажучы: «Упаў, упаў Бабілён, вялікая бязуля, і стаў сялібаю чартоў і прытулам кажнага нячыстага духа, прытулам кажнае нячыстае ненавіднае птушкі;
3 Бо віном шалу бязулства свайго напаіла яна ўсі народы; I каралёве земныя бязулілі зь ёю, і купцы земныя забагацелі з моцы раскошы ейнае».
4 I пачуў я іншы голас ізь неба, што казаў: «Выйдзі зь яе, людзе Мой, каб вы ня мелі сяброўства ў грахох ейных і не дасталі болькаў ейных;
5 Бо грахі ейныя нагрудзіліся аж да неба, і Бог успомнеў несправядлівасьці ейныя.
6 Уздайце ёй так, як яна ўздавала, і ўдвая, удвая подле ўчынкаў ейных; у чары, у каторай яна мяшала, замяшайце ёй удвая.
7 «Колькі славілася яна а раскошавала, толькі дайце ёй удвая мукаў а немарасьцяў, бо яна кажа ў сэрцу сваім: ,Сяджу караліцаю, я не ўдава, ніяк не абачу немарасьці.
8 За тое аднаго дня прыйдуць на яе болькі, сьмерць а немарасьць а галадоў, і будзе спалена цяплом, бо дужы Спадар Бог, Каторы судзіў яе.
9 I заплачуць і загалосяць па ёй каралёве земныя, што бязулілі й раскошавалі зь ёю, як абачаць дым ад пажару ейнага,
10 Стоячы здалеку ад страху мукаў ейных, кажучы: ,Бяда, бяда, вялікае места Бабілён, места дужое, што аднае гадзіны прышоў рассудак твой'.
11 «I купцы земныя заплачуць а засмуцяцца па ёй, бо накладаў іхных ніхто ўжо ня купляе,
12 Накладу золата а срэбла а дарагога каменьня а пэрлаў а цянюсенькага палатна а пурпуры а шоўку а шкарлату а ўсялякага пахнючага дзерва а ўсялякіх вырабаў із сланёвае косьці а ўсялякіх вырабаў з дарагога дзерва, зь медзі а зялеза а мрамару,
13 А цынамону а пахнючых рэчаў а масьцяў а кадзіла а віна а алівы а чыстае мукі а пшонкі а статку а авец а коні а вазоў а целаў а душаў людзкіх.
14 «I сьпелая садавіна, жаданьне душы тваёй, адышла ад цябе, і ўсе сытое а пазорыстае загінула ў цябе, і ніякім парадкам яго ўжо ня знойдзеш.
15 «Купцы гэтага, каторыя забагацелі зь яе, стануць здалеку із страху мукаў ейных, плачучы а смуцячыся,
16 Кажучы: ,Авохці, авохці, вялікае места, каторае адзявалася ў цянюсенькае палатно а Ў пурпуру а шкарлат, і мела прыборы із золата а дарагога каменьня а пэрлаў!' »
17 Бо за адну гадзіну спусьцела такое вялікае багацьце. I кажны штырнік, і ўсі плывучыя куды-колечы ў караблёх, і ўсі плаўбіты, і ўсі працаўні на мору сталі здалеку
18 I, бачачы дым пажаруяго, загаласілі, кажучы: «Што падобнае да места вялікага!»
19 I пасыпалі попелам галавы свае, і галасілі, плачучы а зохаючы, кажучы: «Авохці, авохці, вялікае места, каторага каштоўнасьцямі забагацелі ўсі, што мелі караблі на мору! Бо спусьцела за адну гадзіну.
20 «Цешчася зь яго, нябёсы, і сьвятыя, і апосталы, і прарокі, бо рассудзіў Бог суд вашы над ім».
21 I дужы ангіл узяў камень, увелькі зь вялікі жоран, і кінуў у мора, кажучы: «3 такім размахам будзе ськінены Бабілён, вялікае места, і ўжо ня будзе знойдзены;
22 I голасу гарпістых а музыкаў а дудароў а трубялёў наперад ніяк ня будзе чуваць у табе; і наперад ніякі майстра якога-колечы рамяства ніяк ня знойдзецца ў табе, і гуку жорнаў ніяк ня будзе чуць у табе!
23 I наперад сьвятло сьветача не зазьзяе ў табе; і голасу князя маладога і княгіні маладое ніякім парадкам ня чуваць будзе болей у табе: бо купцы твае былі магнатамі земскімі, і чарамі тваімі былі зьведзены ўсі народы.
24 I ў ім знойдзена кроў прарокаў а сьвятых а ўсіх забітых на зямлі».
Кніга Аб'яўленьня сьвятога Яана Багаслова, 18 глава