Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэлява | 22 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I вышаў Давід стуль, і ўцёк да пячоры Адуламскае; і пачулі браты ягоныя а ўвесь дом айца ягонага, і зышлі да яго туды.
2 I зьберліся да яго кажны ўцісьнены, і кажны даўжбіт, і кажны зьнемарашчаны душою, — і стаў ён начэльнікам над імі; і было зь ім каля чатырыста чалавекаў.
3 I пайшоў Давід стуль да Міцпы Моаўскае, і сказаў каралю Моаўскаму: «Хай прыйдзе, калі ласка, ацец мой а маці мая да вас, пакуль я не даведаюся, што зробе з імною Бог».
4 I прывёў іх да караля Моаўскага; і жылі яны ў яго ўвесь час, пакуль Давід быў у гэтым замку.
5 Але прарока Ґад сказаў Давіду: «Ня жыві ў гэтым замку, ідзі і ўвыйдзі сабе ў зямлю Юдзіну». I пайшоў Давід, і прышоў да лесу Гэрэф.
6 I пачуў Саўла, што ведама праз Давіда а людзёў, каторыя былі зь ім. Саўла сядзеў тады ў Ґівее пад гаям у Раме, зь дзідаю ў руццэ, і ўсі слугі ягоныя абступалі яго.
7 I сказаў Саўла слугам Сваім, што абступалі яго: «Паслухайце ж, сынове Веняміновы, нягож усім вам дасьць Есянок полі а вінішчы, і ўсіх вас пастанове за тысячнікаў а сотнікаў,
8 Што вы ўсі змовіліся супроці мяне, і ніхто не адкрыў вушом маім, што сын мой учыніў змову зь Есянком; і нікому з вас не баліць за мяне, каб адкрыць вуху майму, што сын мой падвучыў супроці мяне слугу майго цікаваць на мяне, як цяпер?»
9 I адказаў Доіґ Едомеянін, стоячы із слугамі Саўлавымі, і сказаў: «Я бачыў, як Есянок прыходзіў да Нову да Агімелеха Агітувёнка,
10 I гэты пытаўся яму ў СПАДАРА, і даў яму ежу, таксама й меч Голяфа Пілішчаніна аддаў яму».
11 I паслаў кароль пагукаць Агімелеха Агітувёнка сьвятара а ўвесь дом айца ягонага, сьвятароў, каторыя ў Нове; і прышлі яны ўсі да караля.
12 I сказаў Саўла: «Паслухай жа, Агітувёнку!» I тый адказаў: «Вось я, спадару мой!»
13 І сказаў яму Саўла: «Чаму вы змовіліся супроці мяне, ты а Есянок, што ты даў яму хлеб і меч, і пытаўся яму ў Бога, каб ён паўстаў супроці мяне й цікаваў на мяне, як цяпер?»
14 I адказаў Агімелех каралю, і сказаў: «Хто з усіх слугаў тваіх верны, як Давід? Ен і зяць каралёў, і сігае, каб цябе слухаць, і паважаны ў доме тваім?
15 Ці цеперся я пачаў пытацца яму ў Бога? Крый Божа! ня вінуй у гэтым, каролю, слугу свайго а ўвесь дом айца майго; бо ў вусёй гэтай справе ня ведаў слуга твой ані малога, ані вялікага».
16 I сказаў кароль: «Ты маеш памерці, Агімелеша, ты а ўвесь дом айца твайго».
17 I сказаў кароль ганцом, што стаялі ля яго: «Ступіце й забіце сьвятароў СПАДАРОВЫХ; бо таксама рука іхная з Давідам, і яны ведалі, што ён уцёк, і не адкрылі вуху майму». Але ня зычылі слугі каралёвы выцягнуць рук сваіх, каб напасьці на сьвятароў СПАДАРОВЫХ.
18 I сказаў кароль Доіґу: «Абярніся ты й нападзі на сьвятароў». I абярнуўся Доіґ Едомеянін, і напаў на сьвятароў, і забіў таго дня асьмідзясят пяцёх мужоў, каторыя насілі лянны наплечнік.
19 I Ноў, места сьвятароў, паразіў лязом мяча, ад мужчыны аж да жонкі, ад дзяцяці да сысуна, і вала, і асла, і авечку паразіў лязом мяча.
20 Уратаваўся толькі адзін сын Агімелеха Агітувёнка, наймя Авафар, і ўцёк за Давідам.
21 I сказаў Авафар Давіду, што Саўла забіў сьвятароў СПАДАРОВЫХ.
22 I сказаў Давід Авафару: «Я ведаў таго дня, як там быў Доіґ Едомеянін, што ён напэўна скажа Саўлу; я вінен у вусіх душах дому айца твайго.
23 Застанься ў мяне, ня бойся; бо хто будзе шукаць мае душы, будзе шукаць і твае душы; ты будзеш у мяне пад ахаронаю».

Першая кніга Самуэлява, 22 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.